Макей — ЕС: дыялог па правах чалавека ўзамен на размарозку эканамічных праектаў
Беларусь прыпыняе з Еўрасаюзам дыялог па правах чалавека, пакуль не вернуцца эканамічныя праекты. Пра гэта міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей заявіў 17 лістапада ў эфіры праграмы "Панарама" на тэлеканале "Беларусь 1".
Макей паведаміў, што крытыка Беларусі ў галіне правоў чалавека "абсалютна штучна палітызаваная".
"Мы бачым гэта на прыкладзе таго ж Савета па правах чалавека ААН і шэрагу іншых арганізацый. Мы не бачым сэнсу далей працягваць з Еўрапейскім саюзам дыялог па правах чалавека. І мы прыпыняем гэты дыялог да таго часу, пакуль ЕС не прыме рашэнне аб змене палітыкі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, якія на дадзеным этапе прынялі рашэнне замарозіць праграмы супрацоўніцтва з Беларуссю", — паставіў ён умову.
Акрамя таго кіраўнік беларускай дыпламатыі паведаміў, што афіцыйны Мінск не бачыць сэнсу паўнавартасна ўдзельнічаць у ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства".
Усе гэтыя меры ён назваў адказам на санкцыі, прынятыя Еўрасаюзам.
Краіны ЕС не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць гвалт супраць уласнага народа і вызваліць палітвязняў ды іншых незаконна затрыманых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.