Эдуард Ханок падаў у суд на Анатоля Ярмоленку
Эдуард Ханок перадаў прадзюсарскаму цэнтру "Спамаш" правы на свае хіты, якія раней спявалі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. "Малінаўку", "Я ў бабулі жыву", "Шчаслівы выпадак" і "Завіруху", якія год былі забароненыя, цяпер могуць выконваць усе, каму дазволіць прадзюсары цэнтра.
А вось "А я лягу-прылягу", вядомую па выкананні Анатоля Ярмоленкі і ансамбля "Сябры" — трымае пад забаронай. Кажа, што лёс песні будзе вырашаны пасля суда з Ярмоленкам, які адбудзецца ў траўні.
"З Ярмоленкам як былі ў нас кепскія адносіны, так і засталіся. Ён параіў мне падаць у суд, што я і зрабіў. Калі суд разбярэцца, тады будзе зразумела — адкрываць мне гэтую песню ці не. Увогуле ў мяне будзе некалькі судоў. Магчыма, з Анастасіяй Ціхановіч. Яна ў перадачы "Зоркі сышліся" тэлеканала НТБ на ўсю вялізную Расію заявіла, што яны на ўсіх канцэртаў аб'яўлялі аўтараў песень, нават па некалькі разоў. Вось няхай яна прыйдзе ў суд і пакажа", — кажа Еўрарадыё кампазітар.
Па словах Эдуарда Ханка, ён не шкадуе, што год не дазваляў выконваць свае песні.
Ханок: "Я ўвогуле не жыву на аўтарскія. Яны для мяне — на мабільнік. Я жыву на іншыя грошы. Маральна я выйграў. А песні адпачылі".