Эканаміст: Нельга класці ўсе яйкі ў адзін кошык
Выканаўчы дырэктар еўрапейскага эканамічнага даследніцкага цэнтра Кейс-Беларусь эканаміст Алесь Аляхновіч раіць, у што ўкладаць грошы.
Еўрарадыё: На сёння ў якую валюту найлепш інвеставаць простаму беларусу?
Алесь Аляхновіч: Першае, пра што нельга забываць, — гэта залатое правіла інвеставання: нельга класці ўсе яйкі ў адзін кошык. То бок не варта ўсе грошы мяняць на адну валюту — ці то будзе долар, ці беларускі рубель, ці еўра. Трэба іх або прапарцыйна, або неяк інакш раскласці на некалькі валют. Перадусім мне падаецца, што на дадзены момант варта памяняць грошы на долары, таму што заўсёды ў няпэўных момантах у сусветнай эканоміцы людзі і прадпрыемствы мяняюць грошы на бяспечную валюту. Што б там ні казалі, такой валютай з’яўляецца амерыканскі долар. І таму нават калі амерыканская эканоміка знаходзіцца ў рэцэсіі, яе валюта ўзмацняецца. Таму ў параўнанні, напрыклад, з еўра, з якім невядома яшчэ, што будзе — ці ўтрымаецца яно як валюта Еўрасаюза, ці не — я параіў бы больш грошай трымаць у доларах.
Тым не менш застаецца магчымасць трымаць частку грошай у беларускіх рублях, трымаць іх на кароткачасовых дэпазітах у беларускіх банках, якія прыносяць зараз каля 25-30 адсоткаў. Акрамя таго, можна заінвеставаць, напрыклад, у польскі злоты, які даволі стабільны і на працягу апошніх дзесяці гадоў нават узмацніўся ў параўнанні з доларам ці еўра. Што тычыцца больш экзатычных валют, напрыклад, валют Усходняй ці Паўднёвай Еўропы, то я лічу, што ў такія валюты лепш не інвеставаць, таму што з іх даволі цяжка потым выйсці, бо калі пачынаецца нейкі крызіс — цяжка знайсці людзей ці банкі, якія памяняюць вялікую суму на гэтыя валюты.
Еўрарадыё: Некаторыя адчуваюць сімпатыю да кітайскага юаня і сцвярджаюць, што ў яго можна інвеставаць.
Алесь Аляхновіч: Так, адзінае што — з доларам справа даволі лёгкая: можна знайсці асобу, якая памяняе долар на беларускі рубель і наадварот. А з юанем даволі цяжка, Беларусь усё ж такі мае не такое вялікае гандлёвае тавараабарачэнне з Кітаем і таму гэтая валюта ў Беларусі не такая папулярная.
Еўрарадыё: Кажуць, што калі пойдзе сусветная рэцэсія, то праблемы будуць і ў долара. У сувязі з гэтым уздымаецца пытанне, што калісьці долар цалкам меў эквівалент у золаце. Ці магчымае вяртанне да пакрыцця долара золатам ?
Алесь Аляхновіч: Час ад часу ўзнаўляюцца размовы пра вяртанне да залатога пакрыцця валютаў, але гэта, хутчэй за ўсё, немагчыма, між іншым у сувязі з тым, што інфляцыя мае таксама станоўчае ўздзеянне на эканоміку. Гэтага нельга зрабіць падчас залатога забеспячэння валюты. І цэнтральным банкам прасцей кіраваць эгалітарнай палітыкай, калі яна можа сама дадрукоўваць грошы у незалежнасці ад запасаў золата.
Еўрарадыё: А, можа, найбольш цвёрдым апірышчам і спосабам інвеставання ў цяжкія часы і з’яўляецца само золата?
Алесь Аляхновіч: Сапраўды, золата з’яўляецца даволі бяспечным і доўгатэрміновым актывам, гэтаксама як нерухомасць. Таму, акрамя валюты, варта разглядаць і такія доўгатэрміновыя актывы. Калі, вядома, ёсць грошы на гэта.
фота: http://seteviki.net