Эканаміста Паўла Данейку выключылі з рады дырэктараў "Белгазпрамбанка"

Павел Данейка / svaboda.org
Павел Данейка / svaboda.org

"Белгазпрамбанк" змяніў склад сваёй рады дырэктараў, заўважыла расійскае інфармагенцтва Sputnik. Цяпер з рады дырэктараў выключылі эканаміста і грамадскага дзеяча Паўла Данейку.

Ён быў незалежным дырэктарам "Белгазпрамбанка" з 2018 года. Цяпер у кіраўніцтве банка засталіся толькі два незалежныя дырэктары, абодва расійскія — Аляксандр Казначэеў (топ-менеджар Маскоўскага крэдытнага банка) і Кірыл Левін (першы намеснік старшыні расійскага "Россельхозбанка").

Да пачатку 2020-га банкам кіраваў Віктар Бабарыка, які ў траўні таго года вырашыў вылучыцца на прэзідэнцкія выбары. У ліпені таго ж года ў кіраўніцтва "Белгазпрамбанка" прызначылі міністра энэргетыкі Віктара Каранкевіча. Да таго часу ў радзе дырэктараў банка не было беларускіх чыноўнікаў.

Павел Данейка — сузаснавальнік Інстытута прыватызацыі і менеджмэнту, а таксама шэрагу беларускіх аналітычных цэнтраў. Ён удзельнік назіральных радаў кампаній "Мілавіца", "Фармлэнд" і "Гомсельмаш". Уваходзіў у грамадска-кансультацыйную раду па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінэканомікі Беларусі.

У 2020-м Данейка ўваходзіў у Каардынацыйную раду і потым пакінуў Беларусь.

Цяпер ён з'яўляецца адміністрацыйным дырэктарам Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі