Экс-дэпутат: “Нам нават не давалі законапраекты на абмеркаванне вынесці”

Экс-дэпутат: “Нам нават не давалі законапраекты на абмеркаванне вынесці”

У новы парламент прайшлі два прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Ну, ці тры ― калі верыць намесніку старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алегу Гайдукевічу, які сцвярджае, што і іх партыя таксама апазіцыйная. Але ці змогуць два або тры апазіцыйныя дэпутаты са 110 сапраўды чагосьці дамагчыся? Маўляў, у іх жа апроч дэпутацкага мандата і кабінета ёсць і права заканадаўчай ініцыятывы?

Намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутат Алена Анісім ужо зараз ведае, за што будзе змагацца ― за прыняцце распрацаванага ТБМ законапраекта “Аб падтрымцы беларускай мовы”. Дэпутат ад ЛДП Анатоль Хішчанка ― за змены выбарчай сістэмы і пераходу да 2020 года на абранне парламентарыяў па партыйных спісах. Пра канкрэтныя планы Ганны Канапацкай нічога не вядома, але планы на яе ў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі вялікія.

Як здолелі скарыстацца сваім правам заканадаўчай ініцыятывы, цікаўлюся ў былога дэпутата парламента Сяргея Скрабца. У 2000 годзе ён разам з яшчэ двума дэмакратамі Уладзімірам Парфіновічам і Валерыем Фраловым не толькі сталі дэпутатамі, але і стварылі ў парламенце дэпутацкую групу “Рэспубліка”.

Сяргей Скрабец: “Тыя законапраекты, якія мы спрабавалі ўнесці ў Палату прадстаўнікоў, не дазвалялі нам нават вынесці на абмеркаванне. Там столькі перашкод! Ну, напрыклад, калі я выступіў на сесіі ПАСЕ АБСЕ, то мяне нават заробку пазбавілі ― я ў суд звяртаўся. Калі я паступіў у Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Расіі ― мяне не пусцілі вучыцца. Нават заробак мы атрымлівалі ва Упраўленні справамі прэзідэнта”.

З тым, што нават на пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі некалькі дэмакратаў нічога не здолелі зрабіць у парламенце, згодны і былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання Павел Знавец.

“Тады яны (Скрабец, Парфіновіч і Фралоў ― Еўрарадыё) вельмі ўдала выкарысталі апошні шанец у палітыцы ― галадоўку. Патрабаваць менавіта вольных выбараў ― пад гэта яны і галадалі. Гэта выклікала эфект бомбы, і яны ўвайшлі ў гісторыю назаўжды. Калі б яны не галадалі, то ніхто б ні пра тую групу не ўзгадаў ні зараз, ні ў будучым. І яны (Анісім і Канапацкая ― Еўрарадыё) нічога не змогуць там вырашыць. Адзінае што, Алена Анісім зможа апеляваць да дзяржаўных чыноўнікаў, каб неяк мова ўсё ж выжыла”, ― сумна кажа Павел Знавец

З палітыкам згодны палітолаг Юрый Чавусаў.

“Беларускі парламент у беларускай палітычнай сістэме мала што важыць: заканадаўчая ўлада, пазбаўленая рэальных заканадаўчых паўнамоцтваў, усё вырашае ўрад. Але лабіраваць нейкія пытанні, уздымаць іх на палітычны парадак дня і на гэтай парламенцкай трыбуне можна”.

Але нават звышдэмакратычны парламент ― нішто, калі няма незалежных судоў, свабоды СМІ і іншых атрыбутаў прававой дзяржавы, кажа Чавусаў.

Не згодная з выказанымі меркаваннямі дзейсны дэпутат парламента Вольга Палітыка.

Вольга Палітыка: "Маё меркаванне: паўнамоцтваў у дэпутатаў дастаткова. Дастаткова для таго, каб і перад урадам ставіць праблемы і дамагацца іх вырашэння. Асаблівасць працы дэпутата: яна патрабуе самаарганізацыі і самадысцыпліны. Прыйшоў, да прыкладу, праект закона, ты яго прачытаў і можаш сказаць: “У мяне ніякіх заўваг няма, усё задавальняе”. І табе ніхто нічога не можа сказаць: ну няма ў цябе заўваг! Iншая справа ― звязацца з тымі, хто гэты закон штодня прымяняе, даведацца іх меркаванне, вывучыць, якія ёсць праблемы і адстойваць сваю пазіцыю. Гэта, канешне, энергіі шмат патрабуе, але ― паўнамоцтваў дастаткова”.

Тым не менш усе згодныя: праверыць, што атрымаецца ў дэпутатаў-апазіцыянераў, можна будзе толькі пасля таго, як яны пачнуць дзейнічаць у парламенце. Калі сапраўды пачнуць…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі