Экс-дырэктарка "Белсата" кажа, што яе звольнілі паводле дысцыплінарнага артыкула

Агнешка Рамашэўска

Агнешка Рамашэўска / PAP

Агнешка Рамашэўска, якая кіравала тэлеканалам "Белсат" 17 гадоў, кажа, што яе звольнілі паводле дысцыплінарнага артыкула. Пра гэта яна напісала ў сацсетках.

Па яе словах, звальненне было аформленае "ў неадкладным парадку і, вядома, без усялякага паведамлення". Рамашэўска заявіла, што напярэдадні прыйшла здаваць тэхніку ў будынак грамадскага тэлебачання TVP, у склад якога ўваходзіць тэлеканал "Белсат". Увесь час яе суправаджаў кіраўнік службы бяспекі тэлекампаніі. Пасля гэтага Рамашэўскай уручылі дысцыплінарнае спагнанне.

Такое звальненне журналістка лічыць помстай: "Я думаю, што гэта проста помста за маю пазіцыю, за тое, што я не дала сябе ні падкупіць, ні заткнуць сабе рот".

Рамашэўска не выключае, што абвесціць збор сродкаў на суд з TVP. Яна мяркуе, што нават заробак за сакавік не атрымае ў поўным памеры.

19 сакавіка яна напісала, што кіраўнік службы бяспекі з двума супрацоўнікамі правёў рэвізію ў яе службовым кабінеце.

Як распавядала Еўрарадыё, 12 сакавіка Агнешку Рамашэўску-Гузы звольнілі з пасады дырэктаркі тэлеканала "Белсат". Кіраўніком тэлеканала стаў Аляксей Дзікавіцкі, які раней займаў пасаду намесніка дырэктара. Рэарганізацыю тэлекампаніі TVP, куды ўваходзіць "Белсат", пачалі новыя польскія ўлады. Тэлеканалу скарацілі фінансаванне. Мяркуецца, што ў яго адбяруць рускамоўныя праграмы, каб перадаць іх тэлеканалу TVP World.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі