Экс-масажыста зборнай па біятлоне двойчы асудзілі за данаты
Мікалай Васілевіч
Суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіў былому масажысту зборнай Беларусі па біятлоне Мікалаю Васілевічу тры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці (ч. 2 арт. 290-1 КК), піша праваабарончы цэнтр "Вясна".
Таксама Васілевіч абавязаны заплаціць штраф у 22 200 рублёў (600 базавых велічыняў).
Гэта другі прысуд Васілевіча за апошнія тры месяцы.
6 чэрвеня Мінгарсуд прысудзіў яму шэсць гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў фінансаванні "экстрэмісцкага" фармавання (арт. 361-2 КК) і фінансаванні "экстрэмісцкай" дзейнасці (арт. 361-1 КК).
Новы тэрмін дадалі да ранейшага. Такім чынам, агульны тэрмін склаў 9,5 года пазбаўлення волі.
Затрымалі Васілевіча 17 кастрычніка 2022 года. З таго часу ён перабывае пад вартай. Мінчук працаваў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. На пачатку студзеня 2023-га КДБ унёс яго ў "спіс тэрарыстаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.