Эксперымент: Ці маглі падставіць таэквандыста Армана-Маршала Сілу

Эксперымент: Ці маглі падставіць таэквандыста Армана-Маршала Сілу

Беларускі таэквандыст, двухразовы чэмпіён Еўропы Арман-Маршал Сіла пакуль не едзе на алімпіяду ў Рыа. Допінг-проба спартсмена выявіла мельдоній, што дазволіла Нацыянальнаму антыдопінгаваму агенцтву зняць яго са спаборніцтваў.

 

Эксперымент: Ці маглі падставіць таэквандыста Армана-Маршала Сілу
Арман-Маршал Сіла, фота: by.tribuna.com

Арман-Маршал Сіла, яго трэнер і ўся федэрацыя таэквандо адмаўляюць прыняцце прэпарату. Арман нават прайшоў праверку на паліграфе.

"Пакуль усё на стадыі расследавання. Спартсмен і яго трэнер прайшлі праверку на паліграфе, якая пацвердзіла: яны гавораць праўду, што яны не выкарыстоўвалі гэты прэпарат. Мы будзем адстойваць невінаватасць спартсмена, будзем змагацца за ўсё што можам, да вяртання яго ў алімпійскую каманду. Тэарэтычна шанец ёсць заўсёды, пакуль не прайшоў дзень спаборніцтваў", — гавораць Еўрарадыё ў федэрацыі таэквандо.

Раней допінг-пробы ў спартсмена бралі ўзімку, і тады ніякіх парушэнняў не выявілі. Як праверка на паліграфе дапаможа вярнуць таэквандыста ў алімпійскую зборную, у антыдопінгавым агенцтве не ведаюць.

"Як адзін з інструментаў паліграф сусветным антыдопінгавым кодэксам не прадугледжаны. Відаць, проста хочуць паказаць, што яны не маюць дачынення да гэтага, па-чалавечы", — апісваюць у агенцтве.

Калі допінг не прымалі, а ў крыві ён ёсць, значыць, прэпарат спартсмену маглі падсыпаць. Праверым, наколькі гэта магчыма.

Прэпарат мілдранат свабодна прадаецца ў аптэках без рэцэпта. Яго прымяняюць для лячэння хваробаў сэрца, а таксама для танізавання арганізма, забеспячэння клетак кіслародам.

Набываем прэпарат у капсулах і ампулах у звычайнай аптэцы. Капсулы белага колеру з белым, крыху салодкім парашком унутры. Ампула — з празрыстай вадкасцю.

Эксперымент: Ці маглі падставіць таэквандыста Армана-Маршала Сілу

Спярша дадаем парашок з капсулы ў ваду і гарбату. У вадзе ён лёгка разыходзіцца, але па невялікіх празрыстых плямках на паверхні можна здагадацца, што ў вадзе нешта ёсць. І гэта толькі калі прыглядацца, бо ні паху, ні колеру вада не мяняе. 

 

Спрабуем на смак. Вада як вада, ніякага прысмаку.

У гарбаце парашок разыходзіцца, не пакідаючы нават плямаў. На смак — звычайная гарбата. Ні асаблівага прысмаку, ні паху.

Празрыстая вадкасць з ампулы таксама лёгка разыходзіцца як у вадзе, так і ў гарбаце. Ні слядоў, ні плямаў, ні паху. На смак — звычайная вада і гарбата, нічога асаблівага. Хіба невялікі прысмак застаецца пасля вады.

Але калі моцна не прыслухоўвацца да адчуванняў, ніколі не заўважыш. На самаадчуванне прэпарат таксама ніяк не ўплывае. Выходзіць, допінг, які выявілі ў Армана-Маршала Сілы, можна было лёгка дадаць у каву ці гарбату, і нават неаднойчы.

Пасля скандалу з Надзеяй Астапчук Еўрарадыё правярала, ці можна дадаць у каву допінг метэналон. І тады было зразумела, што незаўважна распусціць як вадкі, так і парашкападобны метэналон у каве вельмі складана.

 

Эксперымент: Ці маглі падставіць таэквандыста Армана-Маршала Сілу

Як па прыкладзе трэнера Яфімава мы падсыпалі допінг у каву (фота, відэа)

Еўрарадыё ўдалося набыць метэналон, з-за якога ў Астапчук забралі алімпійскае золата, і праверыць, ці маглі допінг насамрэч “падсыпаць”.

 

Арман-Маршал Сіла мог бы стаць дэбютантам Алімпійскіх гульняў. Ён двухразовы чэмпіён Еўропы (2014 і 2016 гады).

Фота: Алесь Пілецкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі