Еўракамісар Ёхансан патлумачыла сваё выказванне аб візах для беларусаў
Ілва Ёхансан / Reuters
Калі ЕС і прыме пастанову аб абмежаванні візавага рэжыму з Беларуссю, то на радавых грамадзян гэта ніяк не паўплывае, патлумачыла ўвечары ў Twitter еўракамісар унутраных спраў Ілва Ёхансан.
Яна пацвердзіла думку, якую агучыла днём падчас выступу на пасяджэнні камітэта Еўрапарламента па замежных справах: Еўрасаюз гатовы абмяркоўваць новыя меры ўздзеяння на рэжым у Беларусі, у тым ліку перагледзець умовы атрымання віз.
Аднак "гэта не паўплывае на жыхароў Беларусі, якія і далей будуць атрымліваць выгаду ад пагаднення, уключаючы нізкія візавыя зборы", — сказала Ёхансан.
Раней са спасылкай на еўракамісара з'явіліся паведамленні, што ЕС можа прыпыніць выдачу віз у Беларусі з-за сітуацыі з мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы. На пасяджэнні Камітэта Еўрапарламента Ёхансан выказала здагадку, што "беларускія ўлады спрыяюць нелегальнай міграцыі ў адказ на абмежавальныя меры ЕС, а таксама за тую падтрымку, якую Літва аказвае беларускай грамадзянскай супольнасці". Паводле яе слоў, "мігранты прыбываюць камерцыйнымі рэйсамі ў Мінск са Стамбула і Багдаду — такіх рэйсаў па некалькі ў дзень, — а затым дастаўляюцца да літоўскай мяжы". Больш таго, па дадзеных Ёхансан, вядома, колькі плацяць мігранты за дапамогу ў дастаўцы іх у Літву — 15 тысяч еўра. Падрабязнасці выступу Ёхнасан прыводзіць БелаПАН.
Еўракамісар ахарактарызавала сітуацыю як вельмі сур'ёзную і заклікала прадэманстраваць салідарнасць з Літвой. Як чалавек адказны за візавую палітыку, яна заявіла, што "гатовая разгледзець магчымасць прыняцця мер па прыпыненні візавага рэжыму з Беларуссю ў гэтай сітуацыі". На гэтую ініцыятыву адрэагавала Святлана Ціханоўская. Яна назвала "візавую" прапанова недальнабачнай. Яна таксама заявіла, што прадстаўнікі яе штаба звязаліся з Еўракамісіяй і высветлілі, што інфармацыя аб ініцыятыве прыпыніць выдачу віз беларусам не пацвердзілася.
Сітуацыя з мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы істотна пагоршылася ў апошнія месяцы. З пачатку года на гэтым участку ў Літве былі затрыманыя больш за 1600 нелегальных мігрантаў. Гэта у 20,7 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год (81). Каля паловы затрыманых — грамадзяне Ірака.
Урад Літвы абвясціў надзвычайнае становішча, на мяжы пачалі будаваць агароджу з калючага дроту. Адначасова было прынята рашэнне аб будаўніцтве плота.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.