Еўрасаюз заклікае Беларусь хутчэй далучацца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі

Еўрасаюз заклікае Беларусь хутчэй далучацца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі

Еўрасаюз зацікаўлены, каб Беларусь далучылася да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) як мага хутчэй. Пра гэта, як перадае Радыё "Свабода", галоўная дарадца Генеральнага дырэктарату Еўракамісіі па гандлі Ева Сыновец напісала ў Emerging Europe.

Яна адзначае, што Еўрасаюз займае другое пасля Расіі месца ў гандлёвых адносінах Беларусі. Доля ЕС у беларускім гандлі перавышае 25%. Для Еўрасаюза Беларусь — 46-ы паводле аб’ёмаў гандлёвы партнёр і трэці — сярод шасці краінаў Усходняга партнёрства (у рамках якога Беларусь атрымала за 2016 год 29 млн еўра фінансавай падтрымкі).

Еўрасаюз прыпыніў усялякае ўзаемадзеянне з афіцыйным Мінскам пасля сілавога разгону Плошчы-2010. Але пазней большая частка санкцыяў была знятая. У красавіку 2016-га была створаная каардынацыйная група Еўрасаз-Беларусь. А ў кастрычніку стартаваў наступны этап дыялогу, скіраваны на двухбаковую гандлёвую супрацу, уу тым ліку набліжэнне Беларусі да СГА.

Па словах  Сыновец, далучэнне Беларусі да СГА дапаможа мадэрнізаваць эканоміку краіны, удасканаліць дзяржаўнае кіраванне і дыверсіфікуе экспарт. Таксама яно палепшыць інвестыцыйны клімат, празрыстасць і прадказальнасць заканадаўчай базы. У выніку Беларусь атрымае эканамічны рост і новыя працоўныя месцы.

Цяпер у СГА 164 краіны-ўдзельніцы і Еўрасаюз як асобны ўдзельнік. Расія далучылася да гэтай міжнароднай арганізацыі ў 2012 годзе. Беларусь з 1993 года мае статус назіральніка. Паводле апошніх звестак, наша дзяржава збіраецца далучыцца да СГА да 2020 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі