"Фельчар сказаў — я кашлю не чую": беларусы выходзяць з ізалятараў з COVID-19

Акно ў камеры ІЧУ / Еўрарадыё
Акно ў камеры ІЧУ / Еўрарадыё

22 лістапада пасля 15 сутак на волю выйшаў музыка Павел Аракелян. На наступны дзень "правапарушальнік" заявіў у эфіры Еўрарадыё, што "ў ізалятарах цяпер робяць усё магчымае, каб сядзельцы выйшлі з "каронай".

25 лістапада COVID-19 пацвердзіўся ў Леаніда Паўлёнка — яшчэ аднаго музыкі, які адбыў 15 сутак за дваровы канцэрт у Мінску.

Еўрарадыё пагутарыла з іншымі сутачнікамі, якія нядаўна адбылі адміністрацыйны арышт, каб даведацца, якія ж антыкавідныя меры прымаюцца ў ізалятарах Беларусі.

"Калі чалавек тэмпературыць у камеры, яго нікуды не перавозяць. Тамсама з усімі і сядзіць"

Андрэя затрымалі ў Мінску 1 лістапада, "калі хадзілі на Курапаты". У выніку папулярны ў гэтым сезоне пратакол па артыкуле 23.34 і 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

"Афіцыйнага заключэння пра станоўчы тэст на каранавірус у мяне няма. Але калі выйшаў, у мяне на наступны дзень з'явілася поўная сімптаматыка: адсутнасць смаку, паху, цяжар лёгкіх, — расказвае Еўрарадыё хлопец. Шасцёра з маіх сукамернікаў з такімі ж сімптомамі, а адзін з іх рабіў тэст — у яго станоўчы. А я пакуль вырашыў не рабіць — мне бальнічны не патрэбны. Самаізаляваўся дома".

Восем сутак Андрэй правёў у ізалятары на Акрэсціна, сем — у Жодзіне.

"На Акрэсціна няма наогул ніякіх антыкавідных мер. Нават калі выводзяць на ранішні "шмон", не вымушаюць надзяваць маскі. У Жодзіне ты заўсёды, калі кантактуеш з канваірам, павінен быць у масцы. А там такіх патрабаванняў не было.

За восем дзён, што я быў на Акрэсціна, — ніводнай апрацоўкі камеры. Ні разу не выводзілі на шпацыр. Але спачатку нам "пашанцавала": было восем людзей у васьмімеснай камеры. А калі ў наступную нядзелю [8 лістапада. — Еўрарадыё] "набралі" шмат людзей, нас перавялі ў шасцімесную, дзе нас было 11 чалавек".

“Фельдшер сказал — я кашля не слышу”: белорусы выходят из изоляторов с COVID-19

Як змагаюцца з COVID-19 у Жодзіне?

"У Жодзіне сур'ёзна ставяцца да масак ужо на ўзроўні адпраўкі канвою з Акрэсціна. Адзінае, што ўсё роўна перавозяць у аднамесным "стакане" ўтрох. У цэлым у Жодзіне ты павінен быць у масцы, калі выходзіш з камеры. Калі іх няма, то табе выдаюць.

Але таксама ні разу не апрацоўвалася памяшканне ў прынцыпе. На шпацыр выводзілі, але толькі ў чацвер і ў нядзелю. З маскамі ў цэлым праблем няма (прынамсі, у маёй камеры), іх актыўна перадаюць валанцёры. Ахоўнікі, мабыць, самі баяцца заразіцца, таму робяць захады.

У суседняй камеры быў чалавек з тэмпературай. Давалі максімум выпіваць парацэтамол, але ніякай ізаляцыі чалавека не было. Калі чалавек тэмпературыць у камеры, то яго нікуды не перавозяць. Тамсама з усімі і сядзіць".

Антыкавідныя меры ў Жодзіне: "Я зараз па печані дам!"​

Яшчэ адзін "правапарушальнік" Павел выйшаў на волю 21 лістапада. За 15 сутак арышту ён паспеў пабываць у мінскім, жодзінскім і магілёўскім ізалятарах.

"І на Акрэсціна, і ў Жодзіне, і Магілёве, калі ты туды ідзеш, табе капаюць у рукі антысептыкам. У прынцыпе, на гэтым усё. Ну, хіба што ў Савецкім РУУС [Мінска] перад тым, як змясціць у "стакан", выдалі маску. З гэтай аднаразовай маскай я падарожнічаў аж да Магілёва. У саміх ізалятарах масак нам не выдавалі".

Нават у Жодзіне? Іншы суразмоўнік Еўрарадыё казаў, што там усё па-іншаму!

"Наколькі я размаўляў з людзьмі, там усё па-рознаму. З кагосьці здзекуюцца на нейкім паверсе, з кагосьці не. Кагосьці, напрыклад, ганялі ў адных трусах па калідорах, а кагосьці не. Але калі выводзілі кудысьці — на суд, на шпацыр, — то прасілі надзець маску.

О, успомніў пра "антыкавідныя меры" ў Жодзіне! Калі нас толькі прывезлі, адзін чалавек заявіў, што меў зносіны з каранавірусным хворым. На гэта "вертухай" сказаў яму: "Я табе зараз па печані дам". То-бок, калі засяляюць, пытаюцца асабістыя звесткі і ці ёсць скаргі. Ён сваю скаргу выклаў, але пасля прапановы атрымаць па печані перадумаў. Напісалі: "Скаргаў няма".

“Фельдшер сказал — я кашля не слышу”: белорусы выходят из изоляторов с COVID-19

"А яшчэ ўспомніў антыкавідную меру ў Акрэсціна: дзяўчаты, якія сядзелі, за цыгарэты мылі калідор. А ў Магілёве аднаго чалавека з тэмпературай нават забірала ў бальніцу хуткая. Збілі тэмпературу і вярнулі назад".

А што ў вас з самаадчуваннем пасля арышту?

"Вось з 20-га чысла [калі яшчэ знаходзіўся ў Магілёве. — Еўрарадыё] зніклі пахі і смак. Тэмпературы — няма. Ну, у мяне непацверджаны кавід. Шчыра кажучы, лянуюся ісці праходзіць тэст. Лепш дома пасяджу ў ізаляцыі".

Магілёў: "Амаль усе дзяўчаты ў маёй камеры перасталі адчуваць пах"​

22 лістапада пасля 15 сутак выйшла на волю мінчанка Эмілія. За гэты час дзяўчына таксама паспела пабываць на Акрэсціна, у Жодзіне і Магілёве. Пасля вызвалення яна чакае выніку тэстаў на антыцелы, а пра барацьбу з каранавірусам у ізалятарах падрабязна напісала ў "Інстаграме":

"Пачнём з таго, што са мной у камеры яшчэ з Жодзіна сядзела хворая дзяўчына. Калі яе забіралі, яна казала амапаўцам, што ў яе карона, у РУУС яна казала мянтам, што ў яе карона, потым на Акрэсціна яна казала ахоўнікам, што ў яе карона. І ўсім было абсалютна нецікава, таму за свае 15 сутак яна перахварэла і нават паспела ачуняць.

Я нават не здзівілася навінам, што яшчэ ў адной дзяўчыны, якая сядзела з намі на Жодзіне і якая выйшла за тыдзень да мяне, пацвердзілі каранавірус. 16 чалавек у васьмімеснай камеры, без гарачай вады, з агульным для ўсіх посудам, без магчымасці праветрываць...

Пры мне адну жанчыну ва ўзросце забрала хуткая з-за таго, што яна без перапынку кашляла. Выглядала гэта жахліва. Яе забралі ў лякарню толькі праз тыдзень.

На Акрэсціна павінна была быць дэзынфекцыя камер, на дзвярах віселі паперкі з часам і датамі, калі яна праводзілася. Нейкі дзед з жанчынай, не заходзячы ў камеры, ставілі там даты і сыходзілі.

У Магілёве недзе на трэці дзень раптам выявілася, што амаль усе дзяўчаты ў маёй камеры перасталі адчуваць пах. Была тэмпература, слабасць. Некаторыя маўчалі, бо баяліся, што іх адправяць у лякарню і потым трэба будзе даседжваць суткі. Некаторыя хадзілі да мясцовага доктара і казалі, але іх адпраўлялі назад у камеру".

 

У Баранавічах медработнік сказаў: "Я кашлю не чую"​

“Фельдшер сказал — я кашля не слышу”: белорусы выходят из изоляторов с COVID-19

Мінчука Аляксея забралі 8 лістапада, на волю ён выйшаў 23-га. 10 з 15 сутак прайшлі ў Баранавічах.

"Па прыездзе супрацоўнікі цікавіліся, ці ва ўсіх ёсць маскі. У тых, хто ехаў са мной, яны былі. Камеру ні разу не апрацоўвалі, відавочных сімптомаў кавіду — накшталт страты нюху, доўгачасовага павышэння тэмпературы або дыхавіцы — ні ў кога не было. Былі людзі з кашлем, але пры звароце медработнік сказаў: "Я кашлю не чую". Але праз паўгадзіны ўсё ж прынёс нейкія таблеткі.

Пры скаргах на павышэнне тэмпературы (па адчуванні саміх людзей) медработнік правяраў тэмпературу бесправадным тэрмометрам, але потым казаў, што тэмпература ў норме. Яны наогул вельмі неахвотна адказвалі на скаргі, часта ігнаравалі просьбы пра агляд лекарам, спасылаючыся на тое, што лекар будзе заўтра ці знаходзіцца на іншым участку. У нейкі момант нам так адмаўлялі ва ўвазе лекара на працягу двух дзён, лекар з'явіўся толькі на трэці дзень".

Ці ёсць нейкія правілы ў Баранавічах?

"Правілы былі такія самыя, як і ў астатніх месцах [Жодзіна, Акрэсціна]: пры адчынянні камеры ўсе зняволеныя павінны былі надзець маскі і стаць каля ложкаў. Пры кожным вывадзе з камеры супрацоўнікі нагадвалі, каб абавязкова надзявалі маскі. У масках вадзілі і ў душ, і на шпацыр. Наколькі я заўважыў, усе супрацоўнікі былі ў масках.

Яшчэ паказальны быў выпадак, калі нас прывезлі з Акрэсціна ў Баранавічы: нас усіх завялі ў камеру, разлічаную на дзесяць чалавек, але па прыблізных падліках нас там было 120 чалавек. Людзі стаялі вельмі шчыльна, апошнія ледзь заходзілі ў камеру. Праз 15 хвілін людзей па двое пачалі выводзіць з перыядычнасцю тры-пяць хвілін і разводзіць па камерах".

У Бярозе кожную раніцу апрацоўвалі камеру!

“Фельдшер сказал — я кашля не слышу”: белорусы выходят из изоляторов с COVID-19

З усіх нашых суразмоўнікаў больш за ўсё "пашанцавала" жыхару Белаазёрска Дзянісу, якога затрымалі на акцыі ў родным горадзе. 15 сутак ён нядаўна адбыў у ІЧУ раённага цэнтра — у Бярозе.

"Там строга выконваўся масачны рэжым. Супрацоўнікі заўсёды ў масках, зняволеных без масак з камер таксама не выводзяць. Кожную раніцу падчас "шмону" апрацоўваюць чымсьці камеру (чым — не ведаю, на жаль), потым мыецца падлога.

Я быў у камеры адзін. Але чуў, як у суседняй чалавек скардзіўся, яму выклікалі хуткую. Лекары памералі тэмпературу, апыталі і сказалі, у выпадку пагаршэння прыедуць яшчэ".

Вось такія лакшэры-ўмовы ў мястэчку Брэсцкай вобласці. Як-ніяк менш за 100 кіламетраў да мяжы з Еўрасаюзам!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі