Фота: брудны след на корпусе рэактара для БелАЭС
На афіцыйным сайце БелАЭС з'явілася фота корпуса рэактара, які прыбыў на будаўнічую пляцоўку. На ахоўным кажуху, у які загорнутая дэталь, добра бачны брудны след.
26 снежня цягнік, які перавозіў корпус рэактара для БелАЭС, трапіў у інцыдэнт. Дырэкцыя БелАЭС заявіла, што на станцыі "Слаўнае" адбыўся "дотык металічнага транспартнага кажуха, што ахоўвае бурт апорны корпуса рэактара, з полай жалезабетоннай апорай кантактнай сеткі". Калі казаць прасцей, дэталь АЭС сутыкнулася са слупом.
Гэтага следу не бачна на ранейшых здымках, бо дагэтуль цягнік з корпусам рэактара фатаграфавалі толькі з іншага боку:
У дырэкцыі БелАЭС Еўрарадыё адмовіліся пракаментаваць, засталася гэтая пляма пасля інцыдэнту ці з'явілася нейкім іншым чынам. Там адзначаюць, што хуткасць руху цягніка ў момант дотыку да апоры была каля 3 км/г.
Корпус рэактара ўжо агледзелі прадстаўнікі генеральнага канструктара, завода-вытворцы, Беларускай чыгункі, кампаніі перавозчыка, страхавой кампаніі, заказчыка і генпадрадчыка. "Ніякіх пашкоджанняў не выяўлена, — паведамляюць у дырэкцыі станцыі. — У адпаведнасці з рэгламентам, уваходны кантроль корпуса рэактара, як і любога іншага абсталявання, якое паступае на АЭС, будзе ажыццяўляцца ў штатным рэжыме з удзелам спецыялістаў адпаведных арганізацый".