Фрыдкін: Я б не раіў бізнесу чакаць, што праверак больш не будзе

Фрыдкін: Я б не раіў бізнесу чакаць, што праверак больш не будзе

Кіраўнік Беларусі падпісаў чарговы ўказ, скіраваны на “ўдасканальванне кантрольнай дзейнасці”. Распрацоўшчыкі ўказа сцвярджаюць, што гэты “дакумент скіраваны на мінімізацыю ўмяшальніцтва кантралёраў у гаспадарчую дзейнасць суб’ектаў гаспадарання”. Па словах рэдактара “Эканамічнай газеты”, былога рэвізора Леаніда Фрыдкіна, калі ўказ запрацуе так, як мяркуецца, то колькасць праверак сапраўды зменшыцца, а іх якасць ― павысіцца.

Фрыдкін: “Мяркуецца, што праверкі будуць ажыццяўляцца не на падставе “каардынацыйнага плана”, а плана выбарачных праверак. Будуць па спецыяльна створанай сістэме рызык выбіраць прадпрыемствы, дзе існуе высокая верагоднасць дзяйснення парушэнняў. Калі гэты метад адбору, які яшчэ толькі належыць распрацаваць, будзе зроблены якасна, у адпаведнасці з сусветнымі методыкамі, то ў Беларусі будуць правяраць толькі тых, каго сапраўды варта праверыць”.

Правяраць прадпрыемствы “па падатках” будуць не больш чым за пяць гадоў, а па астатніх накірунках ― за тры гады дзейнасці.

Да канца 2017 года аб’яўлены мараторый на праверкі. Да 1 снежня павінна быць зацверджаная методыка ацэнкі ступені рызыкі, да 15 снежня павінен быць зацверджаны план выбарачных праверак, да 1 студзеня павінны быць уведзеныя “чэк-лісты” для органаў, якія ажыццяўляюць праверкі. Да студзеня 2018 года праверачная дзейнасць будзе ажыццяўляцца ва “ўсечаным парадку”. А чаго чакаць пасля 1 студзеня?

Фрыдкін: “Суб’ектам гаспадарання трэба разумець: тым, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі, усім, хто працуе ў высокамаржынальнай сферы (займаецца тым, што прыносіць вялікі прыбытак. ― Еўрарадыё), хто працуе з бюджэтнымі грашыма, хто займаецца рызыкоўнымі знешнегандлёвымі аперацыямі ― да іх рана ці позна прыйдзе праверка, і літасці не будзе. Лічыць, што можна расслабіцца і не баяцца праверак, было б ў вышэйшай ступені неасцярожна”.

Нягледзячы на меркаванае скарачэнне колькасці праверак, на вуліцах не “з’явяцца натоўпы беспрацоўных рэвізораў”, кажа Фрыдкін. Яны проста зоймуцца іншай працай: правядзеннем маніторынгаў, тлумачальнай і інфармацыйнай працай.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, указ гэты больш патрэбны дзяржаве, чым бізнесу. З дапамогай гэтага дакумента дзяржава хоча павысіць кантроль за эканомікай.

Цалкам размову з Леанідам Фрыдкіным можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі