Фрыдман: сустрэча Ціханоўскай і Зяленскай была б карыснай для абодвух бакоў

Святлана Ціханоўская і Алена Зяленская / калаж Еўрарадыё
Святлана Ціханоўская і Алена Зяленская / калаж Еўрарадыё

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з жонкай Уладзіміра Зяленскага Аленай Зяленскай можа звярнуць дадатковую ўвагу і на Беларусь, і на Украіну. Таксама палітыкі маглі б абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва, не злуючы рэжым Лукашэнкі, лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандар Фрыдман.

Магчымасць сутрэцца ў Ціханоўскай і Зяленскай ёсць. Абедзве паехалі на Сусветны эканамічны форум у Давосе, які стартаваў 16 студзеня.

Еўрарадыё даведалася ў эксперта, што гэтая сустрэча можа даць Беларусі і Украіне і наколькі яна імаверная.

Алена Зяленская — гэта сёння куды больш, чым толькі першая лэдзі Украіны. Гэта [была б. — Еўрарадыё] сустрэча двух палітыкаў, таму што яна ўдзельнічае ў перамовах, сустракаецца з сур’ёзнымі лідарамі заходніх дзяржаў. Яна сустракалася з Сунакам [прэм’ер-міністр Велікабрытаніі. — Еўрарадыё], з Байдэнам. Гэта не толькі чалавек, які перадае інфармацыю ад Уладзіміра Зяленскага. Яна з’яўляецца сапраўдным прадстаўніком Украіны і яна з’яўляецца палітычнай фігурай, але ў пэўным сэнсе ў цені свайго мужа, — кажа Фрыдман.

Магчымасці сустрэчы Ціханоўскай з Зяленскай эксперт не выключае. Нават на месцы прадстаўнікоў украінскай улады ён параіў бы першай лэдзі Украіны пагутарыць з лідаркай беларускіх дэмсіл.

Пра Ціханоўскую менавіта гэтымі днямі пішуць як пра чалавека, які падвяргаецца ў Беларусі рэпрэсіям, ідзе працэс у яе. І вырак там будзе, напэўна, вельмі-вельмі вялікі. Сёння такі момант, калі Ціханоўская, можа, на адзін дзень, можа, на два, але ў цэнтры ўвагі. Таму гэтая сустрэча дазволіла б звярнуць дадатковую ўвагу і на Беларусь, і на Украіну.

Акрамя таго, калі Кіеў не жадае размаўляць з Ціханоўскай з той ці іншай прычыны — таму што не лічыць гэта патрэбным ці не лічыць Ціханоўскую сур’ёзнай палітычнай фігурай, або таму, што не жадае дадаткова псаваць адносіны з Лукашэнкам, або правакаваць Лукашэнку, — то якраз цяпер добры момант, калі першая ўкраінская лэдзі ў Давосе. Там магло быць і прыгожае фота для заходняй прэсы, і яны маглі б паразмаўляць наконт перспектываў супрацоўніцтва.

Такой магчымасцю мае сэнс скарыстацца, але ці палічыць гэта патрэбным спадарыня Зяленская — ужо іншае пытанне. Спадарыня Ціханоўская была б не супраць, і я магу сабе ўявіць, што яна будзе шукаць магчымасці для такой сустрэчы, — рэзюмуе Аляксандар Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі