Футбольная зборная Беларусі разграміла Таджыкістан — 6:1 (відэа)

Ігар Стасевіч адкрыў лік на 7-й хвіліне, трапным ударам са штрафнога. Перад гэтым яго зваліў каля штрафной Наім Улмасаў і быў выдалены з поля. Такім чынам, большую частку мачта госці гулялі ў меншасці. Тым не менш, яны здолелі зраўняць лік, на 34-й хвіліне вызначыўся Фатхулоеў. Адзначым, што на 18-й хвіліне атрымаў траўму і быў заменены паўабаронца Ян Цігараў.

У другім тайме беларусы проста разарвалі абарону зборнай Таджыкістана. Вельмі актыўна гуляў Сяргей Крывец, які выйшаў на замену. За 8 хвілін было забіта 4 мячы: 55-я хвіліна — Сяргей Карніленка, 59-я — Крывец, 61-я — Эдгар Аляхновіч, 63-я — Сяргей Кісляк. А на 75-й хвіліне вызначыўся Ілля Алексіевіч — 6:1.

Зборная Беларусі гуляла ў наступным складзе: Чэрнік, Шытаў, Мартыновіч, Паліцевіч, Бардачоў (Палякоў, 59), Цігараў (Аляхновіч, 18), Кісляк, Калачоў (капітан, Балановіч, 46), Глеб (Крывец, 46), Стасевіч (Алексіевіч, 46), Карніленка (Драгун, 71).

На жаль, таварыскі матч з таджыкамі ўстанавіў антырэкорд наведвальнасці "Барысаў-Арэны". За паядынкам назіралі толькі 2400 чалавек.

Ужо 8 верасня каманда Георгія Кандрацьева стартуе ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы. У гасцях беларусы згуляюць з Люксембургам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі