Футбольная зборная Беларусі трапіла ў кампанію з аўтсайдэрамі
Футбольная зборная Беларусі трапіла ў кампанію з аўтсайдэрамі, найгоршымі камандамі Еўропы. Стала вядома, што яна гарантавала сабе месца ў пуле “D” Лігі нацый, новага турніру УЕФА, які стартуе ў верасні 2018 года. Як піша “Прессбол”, беларуская зборная атрымлівае добры шанец, каб патрапіць на чэмпіянат Еўропы 2020 года.
У згаданы пул “D” залічылі 16 зборных, якія падзелены на 4 групы па 4 каманды. Пасля матчаў у групе лепшая каманда трапляе ў плэй-оф. Там і будзе вызначана зборная, якая паедзе на кантынентальнае першынство. Лёсаванне прызначана на 24 студзеня 2018-га. Зборная Беларусі трапіла ў кошык наймацнейшых каманд сярод аўтсайдэраў: Беларусь, Азербайджан, Македонія, Грузія. У другім кошыку зборныя Арменіі, Латвіі, Фарэраў, Люксембурга. У трэцім кошыку зборныя Казахстана, Малдовы, Ліхтэнштэйна, Мальты. У чацвёрты кошык трапілі Андора, Косава, Сан-Марына і Гібралтар.
Напярэдадні скончыўся адбор на чэмпіянат свету 2018 года. Зборная Беларусі прайграла ў Парыжы французам — 1:2, Люксембург і Балгарыя згулялі ўнічыю 1:1. У выніку беларуская зборная заняла ў групе апошняе месца.