Футбольная зборная Беларусі згуляла ўнічыю 0:0 з Габонам
Таварыскі матч прайшоў у панядзелак у турэцкім Белеку.
Футбольная зборная Беларусі 30 сакавіка правяла таварыскі матч з камандай Габона. Паядынак, які прайшоў у турэцкім Белеку, скончыўся ўнічыю 0:0.
Беларуская зборная гуляла ў наступным складзе: Гарбуноў (Чэрнік, 46), Палякоў, Паліцевіч, Філіпенка (Шытаў, 46), М. Валадзько, Драгун (Маеўскі, 62), Гардзяйчук, Пуціла, Макась (Карніленка, 62), Януш (Кісляк, 46), Няхайчык (Стасевіч, 76). З першых хвілін з капітанскай павязкай на поле выйшаў Ягор Філіпенка.
Пачатак першага тайма быў за габонцамі, якія некалькі разоў вырываліся сам на сам з Гарбуновым, але брамнік выручаў нашу зборную. Затым беларусы сталі больш актыўна атакаваць і ствараць пагрозы каля брамы саперніка, які гуляў на контратаках. У другім тайме нашы футбалісты таксама больш атакавалі, не рэалізавалі добрыя моманты Карніленка і Кісляк. Зборная Беларусі спрабавала вырваць перамогу ў матчы з больш рэйтынгавым сапернікам (Габон у рэйтынгу FIFA займае 54-е месца, Беларусь — 98-е), аднак не ўдалося.
За дзесяць хвілін да канца матча ў штрафной пляцоўцы сутыкнуліся Чэрнік і Ленгуалама. У выніку, апошняга вынеслі з поля на насілках, брамнік жа працягнуў гульню.
Нагадаем, нядаўна пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Аляксандра Хацкевіча зборная Беларусі атрымала гасцявую перамогу (2:1) над Македоніяй у матчы адбору на Еўра-2016. Наступны адборачны матч беларусы правядуць 14 чэрвеня дома са зборнай Іспаніі.
Фота: Прессбол