Галоўную ўзнагароду Канскага кінафэсту атрымаў фільм Лоўча "Я, Дэніэл Блэйк"

Галоўную ўзнагароду Канскага кінафэсту атрымаў фільм Лоўча "Я, Дэніэл Блэйк"

Сталі вядомыя лаўрэаты Канскага кінафэсту. Залатую пальмавую галіну атрымаў фільм брытанскага рэжысёра Кена Лоўча "Я, Дэніэл Блэйк". Гэта сацыяльная драма, у цэнтры якой знаходзіцца лёс "маленькага чалавека": сталяр, які перажыў інфаркт, сутыкаецца са шматлікімі цяжкасцямі ў пошуках працы.

Дарэчы, Коўч ужо другі раз атрымоўвае галоўную ўзнагароду Канскага кінафестывалю. Першай ён быў уганараваны ў 2006 годзе за фільм "Вецер, што калыша верас".

Гран-пры Канаў сёлета заваяваў фільм канадца Ксаўе Далана "Гэта ўсяго толькі канец свету". Рэжысёр быў так узрушаны, што падчас уручэння ўзнагароды заплакаў.

Найлепшым акторам на фэсце назвалі іранца Шахаба Хасейні за ролю ў фільме "Коміваяжор" іранскага рэжысёра Асгара Фархадзі. Гэты ж фільм быў адзначаны ўзнагародай за найлепшы сцэнар.

Найлепшай акторкай журы фэсту прызнала філіпінскую актрысу Жаклін Хасэ — за галоўную ролю ў фільме філіпінскага ж рэжысёра Брыльянтэ Мендосы "Мама Роза".

Французскі актор Жан-П'ер Лео атрымаў ганаровую "Залатую пальмавую галіну".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі