Галоўны металург Мінскага трактарнага затрыманы па справе ўкраінскага дырэктара

Галоўны металург Мінскага трактарнага затрыманы па справе ўкраінскага дырэктара

Беларускія праваахоўнікі затрымалі намесніка галоўнага інжынера па падрыхтоўцы металургічнай вытворчасці — галоўнага металурга Мінскага трактарнага завода Андрэя Карася. Таксама затрыманыя яшчэ некалькі супрацоўнікаў МТЗ. Пра затрыманні на заводзе журналістам tut.by паведамілі некалькі крыніцаў.

Па словах аднаго з суразмоўцаў, затрыманыя супрацоўнікі некалькі гадоў за адпаведнае ўзнагароджанне куплялі ліцейныя матэрыялы, якасць якіх часам выклікала пытанні. Яшчэ адна крыніца дадала, што падзеі на МТЗ звязаныя з нядаўнім затрыманнем у Беларусі ўкраінскага топ-менеджара. Па словах суразмоўцы, гаворка вялася пра так званыя "адкаты".

На МТЗ паведамляюць, што з 21 лістапада абавязкі галоўнага металурга выконвае іншы чалавек. Пра месцазнаходжанне Андрэя Карася на заводзе нічога не ведаюць.

Тыдзень таму стала вядома, што ў Мінску затрыманы дырэктар украінскага  "Завода уцяжарвальнікаў" з Данецкай вобласці Аляксандр Скіба. Паводле інфармацыі ўкраінскай амбасады, яго вінавацяць у дачы хабару. 

Украінскае прадпрыемства мела дамову з МТЗ на пастаўку прадукцыі, якая выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці беларускага заводу. "Завод уцяжарвальнікаў" вырабляе сыпкія матэрыялы, якія ўжываюцца ў ліцейнай вытворчасці для вытворчасці фармовачных, цэласных і супрацьпрыгарных пакрыццяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі