Галоўрэд "Экономической газеты" сумняецца, што ІП дадуць эканамічную амністыю
Індывідуальным прадпрымальнікам наўрад ці ўдасца атрымаць эканамічную амністыю на прывезеныя раней тавары. Такое меркаванне выказаў галоўны рэдактар "Экономической газеты" Леанід Фрыдкін у тэлепраграме "Клуб рэдактараў" на тэлеканале "Беларусь 1".
"Яны не могуць прадэманстраваць ні масавасць, ні адзінства, ні аргументы на карысць сваіх прапановаў", — канстатаваў ён.
Дарэчы, удзельнікі праграмы не сышліся ў меркаваннях наконт колькасці прадпрымальнікаў, якія вярнуліся да працы. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька лічыць, што ў Мінску працуюць 95% прадпрымальнікаў. Галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч называе лічбу ў 90%. Леанід Фрыдкін лічыць, што іх менш.
Як вядома, сёння апоўдні прадпрымальнікі збіраліся правесці чарговы сход на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.