Гамяльчанцы з сіндромам клаўстрафобіі прысудзілі два гады калоніі
Суд Цэнтральнага раёну Гомеля ў чацвер прызначыў гамельчанцы Ларысе Кузьменка два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, як і прасіла дзяржабвінавачванне, паведамляюць праваабаронцы. 49-гадовая жанчына мае сіндром клаўстрафобіі.
Жанчыну ўтрымлівалі ў СІЗА амаль 4 месяцы, крымінальная справа супраць яе разглядалася з 24 лістапада. Кузьменку абвінавачвалі ў гвалце ў адносінах да супрацоўніка АМАПу (арт. 364 КК) на нядзельным Маршы 27 верасня мінулага года ў Гомелі, калі супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Згодна версіі абвінавачвання, Кузьменка схапіла за руку амапаўца, чым перашкаджала яму працаваць.
Жанчына віну не прызнала, яна адмовілася ад дачы паказанняў, як на судзе, так і падчас следства. У апошнім слове Ларыса сказала, што абвінавачванне да яе не адносіцца, і адзначыла, што следчы казаў, быццам суд разбярэцца, а ў выніку ніхто не разабраўся.
У Ларысы Кузьменкі састарэлыя хворыя бацькі, ёсць малалетні ўнук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.