Гамельчукоў злавілі на нелегальным гандлі праз сетку "Аднакласнікі"
Ім пагражае штраф у 18 мільёнаў рублёў.
У сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" супрацоўнікі падатковай інспекцыі Гомеля выявілі абвесткі аб продажы дарагога імпартнага алкаголю. У прыватнасці, піша odsgomel.org, гаворка ішла пра віскі "Джоні Уокер", каньяк "Жатон", "Марціні" і ласасёвую ікру. У гандляроў канфіскавалі 50 бутэлек спіртнога на суму 8,6 млн рублёў, а таксама 10 бляшанак ікры на 600 тысяч рублёў. Акрамя таго, гандлярам пагражае штраф да 18 млн рублёў (100 базавых велічыняў).
Акрамя таго, былі выяўленыя парушэнні ў пяці карыстальнікаў сацсетак, якія прапаноўвалі паслугі па рамонце мэблі, аўтамабіляў, адзення, кватэр, ўсталёўцы праграмнага забеспячэння. Ім давядзецца заплаціць падатак у пяціразовым памеры на агульную суму 21,2 млн рублёў.
Фота — Fotolia