Гамяльчук рабаваў банкі, каб пагасіць крэдыт
Праваахоўнікі распавялі падрабязнасці затрымання мужчыны, які нападаў на банкі ў Гомельскім раёне. Сумесны брыфінг правялі начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў і выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Аляксандр Гуцко.
Як паведамляла Еўрарадыё, 4 сакавіка супрацоўнікі крымінальнага вышуку пры падтрымцы АМАПу затрымалі мужчыну, якога падазраюць у двух нападах на банкі.
Першы напад адбыўся ў пасёлку Бальшавік пад Гомелем 10 студзеня. Мужчына, які схаваў твар пад шалікам, пагражаў супрацоўніцы "Беларусбанка" прадметам, падобным на пісталет. Пад пагрозай яна аддала нападніку 4 тысячы беларускіх і 30 тысяч расійскіх рублёў, а таксама тысячу долараў. Тады нападніка злавіць не ўдалося.
2 сакавіка аналагічны напад адбыўся на банк у аграгарадку Бабовічы. Аднак там касірка націснула на трывожную кнопку, і нападнік уцёк без здабычы.
Асобу падазраванага праваахоўнікі высветлілі пасля другога нападу. За ім пачалі назіранне. Калі зламыснік захацеў пазбавіцца ад доказаў злачынства, было вырашана затрымаць яго.
Затрыманым аказаўся 24-гадовы гамяльчук, які раней не быў судзімы. Малады чалавек зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам. Завочна ён навучаецца ў ВНУ.
Па словах праваахоўнікаў, хлопец прызнаўся ў злачынстве, распавёў ім пра абставіны нападаў і матывы сваіх дзеянняў. На частку нарабаваных грошай гамяльчук, па яго словах, аплаціў крэдыт. Астатняе выдаткаваў на асабістыя патрэбы.
Дарэчы, для абодвух рабаванняў ён выкарыстоўваў розныя аўтамабілі, на якіх мяняў нумарныя знакі перад паездкай. Дарэчы, у другім выпадку гэта ўбачылі мясцовыя жыхары і паведамілі міліцыянтам.
Следчыя правяраюць версію, што ў рабаўніка быў магчымы саўдзельнік.
На маладога чалавека пачалі крымінальную справу за разбойны напад, здзейснены паўторна з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры. Паведамляецца, што матэрыялы па справе складаюць ужо больш за 20 тамоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.