Гандаль “бубкамі” праз наркатаксі ў Мінску працягваецца (відэа, аўдыё)
Еўрарадыё правяло чарговы журналісцкі эксперымент па закупцы забруджанага маку, з якога наркаманы вараць “шырку”
Пакуль антымакавы дэкрэт “завісае” ў Адміністрацыі прэзідэнта, наркадылеры працягваюць гандаль атрутай.
Што праўда, здзейсніць закупку пабочнаму чалавеку не так і проста. Упраўленне па наркакантролі МУС шчыльна прэсуе макавых дылераў, і тыя прадаюць “бубкі” толькі правераным кліентам.
Рэжысёр з народа Руслан Мірзоеў за дзень да сваёй адпраўкі ў турму дапамог Еўрарадыё купіць забруджаны мак. Для гэтага яму давялося задзейнічаць старыя кантакты (некалі Руслан сам спажываў макавую шырку).
Такім чынам каля 12 ночы ў адным са сталічных мікрараёнаў чакаем макавага барыгу, які падвозіць тавар адмыслова для нас. У старэнькім легкавіку (дылеры адмыслова выбіраюць такі транспарт, каб не страціць шмат у выпадку яго канфіскацыі), ― два барыгі. Першы ― кіруе. Другі ― бярэ грошы і выдае тавар.
З легкавіка нам прадалі не толькі 400 грамаў “бубак” (хапіла б на паўтары дозы шыркі), але і так званую “ваду” ― растваральнік, пры дапамозе якога спажыўцы выцягваюць з маку апіяты.
Вось як праходзіла закупка.
Гэты журналісцкі эксперымент паказвае, што “бубкі” па-ранейшаму прадаюцца.
Нагадаем, што ў Беларусі быў распрацаваны спецыяльны антымакавы дэкрэт. Яго зацвердзілі ўсе сілавыя ведамствы. Але, як не раз паведамлялася, закон “завіс” у адным з падраздзяленняў Адміністрацыі прэзідэнта.
У сярэдзіне лістапада на Еўрарадыё выйшла журналісцкае расследаванне “За 39 хвілін мак з мінскага наркарынка пераўтвараецца ў наркотык”. У ім былі паказаны рэаліі наркапрытону і тое, як лёгка ў Беларусі купіць наркатычнае насенне маку і прыгатаваць з яго опійны раствор ― шырку. Па сваім уздзеянні гэты наркотык лічыцца больш небяспечным за гераін.
У расследаванні былі прыведзены і сапраўдныя лічбы наконт ін’екцыйных наркаспажыўцоў, якія колюцца макавай шыркай ― як мінімум 130 тысяч чалавек. Ніводзін аргумент з журналісцкага расследавання так і не быў аспрэчаны.