Гаспадыню турагенцыі асудзілі на тры гады "хіміі" за "парушэнне парадку"
Ірына Яўмененка / Фота з сацсетак
Гаспадыню турыстычнай агенцыі Ірыну Яўмененку асудзілі на тры гады "хіміі" за "ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", паведамляюць праваабаронцы. Яе затрымалі ў лютым у дзень рэферэндуму.
Першапачаткова Ірыну асудзілі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле. Але з ІЧУ яна не выйшла. Ёй прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 КК РБ і перавялі ў СІЗА.
Надоечы суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў пакаранне — тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Да накіравання на "хімію" яе адпусцілі дадому.
Ірына Яўмененка скончыла МДЛУ, працавала ў гімназіі настаўніцай французскай мовы. У яе была свая турыстычная агенцыя.
Рэферэндум па змене Канстытуцыі адбыўся ў Беларусі 27 лютага. У той дзень у Мінску і іншых рэгіёнах краіны прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць вайны, якую пачала Расія. Затрымалі каля 800 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.