Газавыя перамовы працягнуцца на ўзроўні прэм’ераў Беларусі і Расіі

Перамовы па рэструктурызацыі доўгу за пастаўлены ў першым паўгоддзі ў Беларусь расійскі газ будуць працягнутыя на ўзроўні прэм'ер-міністраў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе “Газпрома”. Нагадаем, беларуска-расійскія перамовы аб адтэрміноўцы доўгу вядуцца з канца мінулага тыдня.

Запазычанасць Беларусі "Газпрому" складае каля 450 мільёнаў долараў. Гэту суму наша краіна павінна была выплаціць да 23 ліпеня. 4 чэрвеня "Газпром" пералічыў беларускаму боку 625 мільёнаў долараў за 12,5% акцый "Белтрансгазу", разлічваючы, што Беларусь расплаціцца гэтымі грашыма за пастаўлены газ.

Аднак першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў: атрыманая сума пойдзе ў бюджэтны фонд на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Як паведамляе расійская інтэрнет-газета “Время новостей” , сустрэча прэм’ераў павінна адбыцца 30 ліпеня ў Маскве.


У прэс-службах Савета міністраў Беларусі і ўрада Расіі пакуль не змаглі пацвердзіць гэтую інфармацыю.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі