Генпракуратура Беларусі адмовілася назваць колькасць беларусаў, якія вярнуліся
Генеральная пракуратура Беларусі / @prokuraturabelarus
Генеральная пракуратура Беларусі адмовілася распавесці, колькі чалавек звярнуліся за паўгода працы ў Камісію па вяртанні грамадзян, якія прымалі ўдзел у пратэстах 2020 года, а затым былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Запыт у ведамства адправіла расійскае выданне РБК. У адказе, які атрымала выданне, гаварылася, што "запытаная Вамі інфармацыя належыць да катэгорыі, распаўсюд якой у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах абмежаваны". Таму "накіраваць у ваш адрас запытаныя звесткі не ўяўляецца магчымым".
Дакладных ацэнак, колькі чалавек пакінулі Беларусь у сувязі з пратэстамі 2020 года, няма. Толькі ў 2021 годзе від на жыхарства ў краінах ЕС, па дадзеных Еўрастата, атрымалі 149 тыс. беларусаў. Беларускія ўлады спрабуюць пераканаць гэтых людзей вярнуцца. Для гэтага у лютым 2023 года з падачы Аляксандра Лукашэнкі была створана спецыяльная камісія. Яе ўзначальвае генеральны пракурор Андрэй Швед, у склад уваходзяць члены МЗС, сілавых ведамстваў і прапагандысты. У красавіку 2023 года Генпракуратура казала, што ў камісію паступіла звыш 60 зваротаў. Аднак "кіберпартызаны" сцвярджаюць, што за пяць месяцаў "у яе звярнуліся ўсяго 16 чалавек". Прычым шасцёра з іх — гэта "мацёрыя крымінальнікі, якія праходзілі па артыкулах, не звязаных з палітыкай".
"Гісторыя з камісіяй — вялікая PR-гісторыя. Яна была зробленая пад канкрэтныя кейсы — да прыкладу, пад бізнэсоўцаў, якія з'ехалі за мяжу, а іх бізнэсы засталіся ў Беларусі", — кажа адвакат Антон Гашынскі. Доўгія гады ён працаваў у Беларусі. Як і многія яго калегі быў пазбаўлены ліцэнзіі і цяпер практыкуе ў Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.