"Гэта ўжо не постіронія": вядоўца канала "ЧестнОК" пра футбалістаў у калгасе
Яраслаў Пісарэнка / mostmedia.io
Гісторыя з адпраўкай беларускіх футбалістаў збіраць камяні на калгаснае поле ўжо не здаецца вядучаму канала "ЧестнОК" Яраславу Пісарэнка смешнай. Гэта ўжо не постіронія, сумна канстатуе ён.
Прычым гэтая навіна сапраўды магла б быць пацешнай, калі б сітуацыя адбывалася напачатку 2020-га года ў разгар пандэміі, кажа Пісарэнка. Ён нагадвае, што беларускі футбол быў тады адным з нямногіх у свеце, за якім заўзятары маглі сачыць. Калі ўсе сусветныя каманды спынілі гульні праз лакдаун, беларусы працягвалі гуляць.
— Беларускі футбол паказвалі за мяжой, і вось тады такая навіна магла б надаць каларыту. Маўляў, так, футбол у нас не самай высокай якасці, затое ёсць шарм. Але зараз гэта ўжо не постіронія, гэта будні і рэаліі.
Для беларускага футбола ёсць навіны і горш: ёсць інсайды, што ў выпадку правалу ў еўракубкавай кампаніі, клуб калі і не спыніць існаванне, то моцна зменіцца. Кажуць і пра шматмільённыя даўгі салігорскага "Шахцёра". Сюды ж — брэсцкае "Дынама", якое фінансавалася бізнесменам Аляксандрам Зайцавым, для горада гэта было вялікае шоу. Цяпер усё не тое.
Вось вам тры клубы, якія былі чэмпіёнамі, а зараз яны знаходзяцца ў перадсмяротным стане. І ўвесь футбол пераходзіць на аматарскі ўзровень.
Пісарэнка не ведае, ці быў выхад футбалістаў на калгаснае поле загадам зверху, ці ініцыятывай на месцах.
— Але, здаецца, гэта заканамерная частка падзення беларускага футбола і яго звычайныя будні, як бы сумна гэта ні гучала. А раней з ім былі звязаны цёплыя лямпавыя ўспаміны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.