Гімнастак Беларусі і Расіі не дапусцілі да ўдзелу ў турніры Gracia Cup
Да ўдзелу ў турніры Gracia Cup па мастацкай гімнастыцы арганізатары не дапусцілі беларускіх і расійскіх спартсменак. Гэта было зроблена па патрабаванні Федэрацыі гімнастыкі Венгрыі, перадае ТАСС. Спаборніцтвы пройдуць у Будапешце з 28 да 29 жніўня.
"Мы ад пачатку ведалі, што расійскім і беларускім гімнасткам забаронена цяпер выступаць на турніры пад эгідай FIG (Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі), таму мы іх запрасілі да сябе на звычайны Клубны міжнародны турнір. Але потым нам з нашай федэрацыі гімнастыкі прыйшоў ліст пра тое, што зборныя Расіі і Беларусі не могуць зараз выступаць ні ў якіх спаборніцтвах", — кажуць у аргкамітэце турніру.
Як вядома, МАК рэкамендаваў адхіліць беларускіх і расійскіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіну. Вайна вядзецца ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.