Гімназіі: З рэгістрацыяй у два-тры месяцы дакументы першакласнікаў не прымем
12 чэрвеня беларускія бацькі першакласнікаў панясуць дакументы ў школы і гімназіі. Па новых правілах, іх дзеці цяпер мусяць вучыцца выключна паводле рэгістрацыі: прыпісаны да школы — ідзеш у школу, да гімназіі — у гімназію. Тым больш вялікай розніцы паміж установамі ўжо нібыта таксама няма — праграма гімназіі да 9-га класа нічым не адрозніваецца ад школьнай.
Але бацькі вырашылі не здавацца: гімназія ёсць гімназія, таму пачалі набываць сваім дзецям часовую рэгістрацыю ў дамах, прыпісаных да жаданай гімназіі.
"У гімназіі педагагічны склад лепшы. Мне як маці хочацца даць свайму дзіцяці добры старт. Я б хацела, каб у яго быў добры педагог", — распавяла Еўрарадыё Вольга, якая гатовая для дасягнення сваёй мэты выкласці з кішэні 300 долараў за прапіску.