Гісторык, якога затрымалі з адрэзанымі рукамі сужыцелькі, назваў ахвяру пачварай

Гісторык, якога затрымалі з адрэзанымі рукамі сужыцелькі, назваў ахвяру пачварай

Расійскі гісторык, дацэнт гістфака Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і аматар гістарычных рэканструкцый 63-гадовы Алег Сакалоў арыштаваны да 8 студзеня 2020 года. Такое рашэнне ў панядзелак прыняў Кастрычніцкі раённы суд, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Сакалоў абвінавачваецца ў забойстве сваёй сужыцельніцы і былой студэнткі 24-гадовай Анастасіі Ешчанка. Па звестках следства, адбылося гэта ўначы на 8 лістапада ў кватэры навукоўца на набярэжнай ракі Мойка. Сакалоў жыў з Ешчанка апошнія 5 гадоў. Пасля забойства ён расчляніў цела і часткамі выкідаў яго ў раку. Пры гэтым гісторык піў алкаголь. У нейкі момант ён не ўтрымаўся і ўпаў у ваду, што пабачылі сведкі. Мужчыну выцягнулі з Мойкі ратавальнікі. Пры ім быў пакет з... жаночымі рукамі. Паліцыя знайшла ў кватэры Сакалова цела і галаву ахвяры. У панядзелак ратавальнікі працягвалі працаваць на рэчцы — шукалі часткі цела Анастасіі Ешчанка.

У судзе Алег Сакалоў заявіў, што раскайваецца ў здзейсненым. Ён сядзеў у шкляной клетцы. Некалькі разоў мужчына пачынаў гучна плакаць, і суддзя рабіла яму заўвагі. "Вазьміце сябе ў рукі", — казала яна. Суддзя не падтрымала хадайніцтва адваката аб закрыцці працэсу. У нейкі момант абвінавачаны паскардзіўся, гледзячы на дзясяткі журналістаў: "Яны ж выкладуць усё сёння ў інтэрнэт!".

Вядома, што Сакалоў у разводзе. У яго двое дзяцей ва ўзросце 7 і 12 гадоў, якія жывуць з былой жонкай. Па словах гісторыка, ён збіраўся ажаніцца на Ешчанка. У кастрычніку яны разам былі ў Парыжы. Але паміж Сакаловым і яго маладой сяброўкай перыядычна ўзнікалі сваркі з-за дзяцей ад першага шлюбу. У вечар забойства была чарговая сварка. Па словах Сакалова, Ешчанка кінулася на яго з нажом у руках, і ён у яе стрэліў з вінтоўкі.

"Я страціў кантроль над сабой, — казаў гісторык. — ...Такой агрэсіі я ў жыцці не бачыў. Я не разумею, як такое магло адбыцца. Ідэальная дзяўчына пераўтварылася ў пачвару з страшнай казкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі