Гісторыя адносін Лукашэнкі і Pussy Riot: ад дзярма да выбачэнняў
Аляксандр Лукашэнка на фінале чэмпіянату свету па футболе / kremlin.ru
Pussy Riot палілі партрэт Лукашэнкі, ён называў іх дзярмом, а цяпер перад дзяўчатамі просіць прабачэння кіраўнік АП Качанава.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава выбачылася перад удзельніцамі Pussy Riot за дзеянні беларускага МУС. Еўрарадыё вырашыла паглядзець на гісторыю публічных адносін Аляксандра Лукашэнкі і Pussy Riot.
Першы крок. Pussy Riot і партрэт Лукашэнкі
Першы крок у адносінах зрабілі ўдзельніцы Pussy Riot у верасні 2012 года, праз паўгода пасля знакамітага выступу ў храме Хрыста Збавіцеля. На цырымоніі MTV Video Music Awards паказалі відэа з удзельніцамі Pussy Riot і спальваннем партрэтаў Лукашэнкі і Пуціна.
Дзяўчаты ў балаклавах, выкарыстоўваючы альпінісцкі рыштунак, спускаюцца па сцяне на фоне вялізнага банера ў падтрымку групы і выкрыкваюць абвінавачанні партрэтам.
Лукашэнка пра Pussy Riot: "З дзярма не рабіць герояў"
У кастрычніку 2012-га Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ, выказаў сваё стаўленне да скандалу вакол Pussy Riot:
"Тут трэба рэагаваць так, каб на роўным месцы не ствараць праблем. Па-другое, так, каб з дзярма не рабіць герояў", — заявіў тады Лукашэнка і дадаў: "Маючы на ўвазе гэты гурт [Pussy Riot. — Еўрарадыё], трэба было падумаць або параіцца з намі — у нас ёсць горкі вопыт работы з такімі палітычнымі групамі. Яны ж нічога не вартыя былі тады, а цяпер? Таму трэба быць больш акуратнымі".
Першая сустрэча: фінал чэмпіянату свету па футболе
На фінале чэмпіянату свету па футболе ў 2018 годзе, які праходзіў у Расіі, Лукашэнка стаў сведкам акцыі "Міліцыянер уступае ў гульню". Удзельнікі Pussy Riot Вольга Курачова, Вераніка Нікульшына, Вольга Пахтусава і Пётр Вярзілаў у форме расійскай паліцыі выбеглі на поле падчас фінальнага матча паміж Францыяй і Харватыяй.
Удзельніца Pussy Riot Марыя Алёхіна выступае за Курапаты
Удзельніца Pussy Riot праваабаронца Марыя Алёхіна ў красавіку 2019 года раскрытыкавала Аляксандра Лукашэнку і беларускія ўлады за стаўленне да мемарыяла Курапаты. У відэазвароце яна заклікала звярнуць увагу на сітуацыю вакол народнага мемарыяла і спыніць яго знішчэнне.
Забарона на ўезд
Пры трансферным пералёце з Масквы ў Кіеў дзвюм удзельніцам Pussy Riot Вользе Курачовай і Вераніцы Нікульшынай забаранілі ўезд у Беларусь. Падчас перасадкі удзельніцам Pussy Riot паведамілі, што ім забаронены ўезд у Беларусь да 22 траўня 2020 года. Аднак, нягледзячы на забарону, іх усё ж пусцілі на рэйс у Кіеў.
Ужо на наступны дзень дзяўчатам патэлефанавала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Радыё Свабода прыводзіць расшыфроўку іх размовы:
— Аляксандр Рыгоравіч, прэзідэнт наш, даведаўся пра гэтую сітуацыю, што тут нейкія прэтэнзіі да вас. Дык вось, вы ведаеце, у нас да вас няма ніякіх прэтэнзій. Вольга Уладзіміраўна, калі ласка, у беларускага боку няма да вас ніякіх прэтэнзій. Калі хочаце, прыязджайце, будзем радыя.
...Ну ведаеце, як заўсёды, дзесьці перестра... перапрацаваліся нашы органы, незразумела, па якіх пытаннях, таму тут ужо так атрымалася...
— Мы разумеем, дзякуй вам вялікі.
— Кажу, што было здзіўленне, проста здзіўленне — навошта, чаму, што? Мы ўбачылі са сродкаў масавай інфармацыі, убачыў наш прэзідэнт, кажа: «Божа, што гэта такое? А якія ў нас да іх пытанні? Няма ніякіх пытанняў». Усё, няма пытанняў, значыць, я вам тэлефаную. Так што, Вольга Уладзіміраўна, усяго добрага вам.