Гомельскі аблвыканкам адмовіў у памяшканні грамадскім актывістам

Напачатку дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі пагадзіўся здаць памяшканне пад сход грамадскіх арганізацый Гомельшчыны. Але пасля кансультацый з ідэалагічным куратарам вобласці забраў абяцанне.

Распавядае Ўладзімір Кацора, намеснік старшыні гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Прававая ініцыятыва”: "На 21 лютага запланаваны сход прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Гомельшчыны. Я высветліў, што ў гэты дзень будуць вольныя памяшканні ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі “Юнацтва”. З дырэктарам дамовіліся".

Каб атрымаць дазвол на арэнду, Уладзімір Кацора звярнуўся з заявай да Пятра Кірычэнкі, намесніка старшыні аблвыканкама па ідэалогіі.

Уладзімір Кацора: "Праз некалькі дзён мне затэлефанаваў дырэктар “Юнацтва”. Ён сказаў, што прадаставіць памяшканне не можа. Прычыну не назваў, маўляў, не тэлефонная размова.
А днямі Кацора атрымаў пісьмовы адказ на сваю заяву, за подпісам начальніка упраўлення адукацыі аблвыканкама Марыны Бондар. У адказе гаворыцца, што памяшканні “Юнацтва” 21 лютага занятыя пад “планавыя мерапрыемствы”.

Абласны сход у Гомелі праводзіцца напярэдадні нацыянальнай Асамблеі грамадскіх арганізацый, якая адбудзецца ў Менску 6-7 сакавіка. Уладзімір Кацора паведаміў, што гомельскі сход пройдзе ў прыватным памяшканні.

РэгіёныBY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі