ГУР Украіны спрабуе ліквідаваць не толькі Пуціна, але і Прыгожына — Скібіцкі
Уладзімір Пуцін пад прыцэлам / Калаж welt.de
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі ў інтэрв'ю нямецкай газеце Die Welt заявіў, што расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін узначальвае спіс "кандыдатаў" на знішчэнне ўкраінскімі спецназаўцамі. "Ён [Пуцін] заўважае, што мы да яго набліжаемся, але, можа быць, ён баіцца, каб яго не забілі і свае…, — кажа Скібіцкі. — Ён толькі цяпер пачынае высоўваць галаву, і калі ён гэта зробіць, мы не ўпэўненыя, што гэта сапраўды ён". Генерал намякае на наяўнасць у Пуціна двайнікоў.
Адказваючы на пытанне, ці не ГУР стаіць за замахамі на расійскіх прапагандыстаў, Вадзім Скібіцкі сказаў: "Наша першачарговая задача — знішчыць камандзіра падраздзялення, які аддае каманду атакаваць". Паводле яго слоў, ідзе паляванне на кіраўніка "вагнераўцаў" Яўгена Прыгожына.
З інтэрв'ю генерала Скібіцкага вынікае, што за атакамі на аб'екты крытычнай інфраструктуры ў Расіі стаяць розныя ўкраінскія спецслужбы. А мэтай з'яўляецца перарванне лагістычных ланцужкоў, каб ускладніць тыя ж пастаўкі на фронт.
Адзін з кіраўнікоў ГУР падкрэсліў, што Крымскі мост дагэтуль функцыянуе, паколькі Украіна хоча даць магчымасць расіянам уцячы з акупаванага ўкраінскага паўвострава ў РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.