Францыя і Брытанія паабяцалі падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца
Эмануэль Макрон
Францыя і Вялікабрытанія будуць падтрымліваць Украіну столькі часу, колькі спатрэбіцца, піша ВВС са спасылкай на сумесную заяву французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона і прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера.
У паведамленні Елісейскага палаца гаворыцца, што абодва лідары пацвердзілі сваю прыхільнасць "непахіснай падтрымцы Украіны".
У заяве Даўнінг-стрыт гаворыцца, што Макрон і Стармер абмеркавалі, як паставіць Украіну ў "максімальна моцную пазіцыю напярэдадні зімы". Але пакуль незразумела, ці падтрымаюць два еўрапейскія лідары дазвол для Украіны выкарыстоўваць ракеты вялікай далёкасці Storm Shadow, каб наносіць удары па расійскай тэрыторыі.
Пасля перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах ЗША паўстала пытанне, што гэта значыць для Украіны. Пазіцыя будучай адміністрацыі па пытанні ваеннай дапамогі ў вайне дагэтуль няясная. Трамп раней казаў, што зможа пакласці канец вайне "за адзін дзень". Аднак канкрэтны план дзеянняў дагэтуль не быў агучаны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.