Хацкевіч паказаў найлепшы трэнерскі дэбют у гісторыі зборнай Беларусі

Перамога над македонцамі (2:1), якую беларусы ў гасцях здабылі пад кіраўніцтвам новага рулявога Аляксандра Хацкевіча, стала ў нейкім сэнсе гістарычнай. І гэта нягледзячы на тое, што апанент не ўваходзіць нават у топ-100 па рэйтынгу ФІФА.

Зборная існуе больш за 20 год, а апроч Хацкевіча толькі Эдуард Малафееў у сваім першым адборачным матчы да чэмпіянату свету здолеў дома перамагчы Уэльс (2:1). Здарылася гэта аж у 2000 годзе.

Эдуард Малафееў

З дзевяці іншых трэнераў, якія кіравалі нашай зборнай у адборачных цыклах, толькі Юрый Пунтус і Сяргей Бароўскі у сваіх дэбютных гульнях здолелі дабіцца нічыёй. У кастрычніку 1999 года на чале Бароўскага нашы ў гасцях далі бой Італіі (0:0). Гэта было другое прышэсце спецыяліста ў нацыянальную каманду. 

Сяргей Бароўскі

А ў верасні 2006 года пад кіраўніцтвам Пунтуса беларусы згулялі дома з албанцамі 2:2.

Юрый Пунтус

Хоць мы часам і называем сваю каманду чэмпіёнам па таварыскіх гульнях, яшчэ сем нашых галоўных трэнераў пачыналі ў адборачных цыклах з горкіх паразаў.

Пад кіраўніцтвам Сяргея Бароўскага нашы ў 1994 годзе саступілі ў гасцях Нарвегіі (0:1). Гэта быў самы першы адборачны турнір для нашых. Што праўда, у наступным годзе ў межах таго ж адбору беларусы перамаглі суперзорных на той час нідэрландцаў.

Міхаіл Вергяенка ў красавіку 1997 годзе стартаваў з гасцявой паразы ад латвійцаў (0:2).

Знакаміты футбольны спецыяліст эпохі 90-х Валерый Стральцоў выконваў абвязкі рулявога толькі аднойчы — у верасні 2002 года. Нашы ў гасцях саступілі Нідэрландам (0:3).

Анатоль Байдачны стартаваў з паразы ад чэхаў у верасні 2003 года (1:3). Гэта быў пачатак адбору на Еўра-2004.

Бэрндт Штанге таксама няўдала дэбютаваў у зборнай. У адборы на Еўра-2008 дома саступілі румынам (1:3).

Зборная пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева ў кваліфікацыі да чэмпіяната свету-2014 у гасцях саступіла грузінам 0:1 (падзея здарылася ў верасні 2012 года). 

Летась у лістападзе Андрэй Зыгмантовіч, які часова выконваў абавязкі рулявога зборнай, стартаваў з паразы іспанцам у гасцях (0:3).

ФОТА abff.by, "Прессбол"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі