Хацкевіч: Пасля такога дагляду на стадыёне больш бы я на футбол не пайшоў
Галоўны трэнер футбольнай зборнай параўнаў беларускіх і ўкраінскіх заўзятараў і патлумачыў, чаму стадыёны на гульнях нашай зборнай не запаўняюцца
Падчас прэс-канферэнцыі рулявы нацыянальнай зборнай па футболе Аляксандр Хацкевіч расказаў, чаму не самая змяшчальная “Барысаў-Арэна” можа быць паўпустой падчас гульні галоўнай каманды краіны.
“Я не думаю, што гэта кажа пра культуру заўзятараў. Ёсць іншыя фактары: як дабрацца да стадыёна, пачатак гульні ў 21.45... А назаўтра многім трэба працаваць. Ад нас таксама не залежыць, у колькі ставіць матч, ёсць рэгламент, — абараняе Хацкевіч на першы погляд не самых патрыятычных беларускіх заўзятараў. — Але калі чалавек прыйшоў на стадыён, то ён павінен па-сапраўднаму падтрымліваць зборную”.
На пытанне Еўрарадыё галоўны трэнер параўнаў запаўняльнасць стадыёнаў у Беларусі і Украіне.
“Там краіна аб’ядналася. І на матчах нацыянальнай зборнай, дзе б яна ні гуляла і як бы яна ні гуляла, заўсёды практычна поўны стадыён”, — канстатуе Хацкевіч.
Прэтэнзію галоўны трэнер выказаў і наконт спецназаўскага дагляду на беларускіх арэнах. Дарэчы, самога Хацкевіча апошнім часам пры ўваходзе на стадыён не абмацваюць і не шукаюць пад яго вопраткай выбухоўку ды нажы.
“Але гады тры-чатыры таму быў на “Дынама” падчас гульні зборнай Беларусі, — згадвае трэнер. — Мне прыйшлося прайсці дагляд. Калі шчыра, больш бы я на футбол не пайшоў. Я ішоў з сябрамі, якія прыехалі з іншай краіны. І яны таксама за галаву хапаліся”.