Хакейную зборную Беларусі ў панядзелак ачоліць Дэйв Льюіс

Дэйв Льюіс, вядомы трэнер у НХЛ, з'яўляецца асноўным кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера хакейнай зборнай Беларусі. Неўзабаве ён прыляціць у Мінск для ўзгаднення кантракту. Пра гэта ў сераду паведаміла Федэрацыя хакея Беларусі.

Дэйву Льюісу 61 год. У якасці абаронцы ён правёў у НХЛ больш за 1000 матчаў, выступаў за "Нью-Ёрк Айлендэрс", "Лос-Анджэлес Кінгз", "Нью-Джэрсі Дэвілс" і "Дэтройт Рэд Уінгз". Льюіс уваходзіў у трэнерскі штаб шэрагу клубаў НХЛ: "Дэтройт Рэд Уінгз" (1987-2006 гг.), "Бостан Бруінз" (2006-2007 гг.), "Лос-Анджэлес Кінгз" (2007-2008 гг.), "Караліна Харыкейнз" (2011-2014 гг.). Разам з "Крыламі" ён тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка Стэнлі (1997, 1998, 2002).

У 2009 годзе канадскі спецыяліст быў асістэнтам галоўнага трэнера зборнай Беларусі Глена Хэнлана, а ў 2010-м — Міхаіла Захарава.

Цырымонія падпісання кантракту, а таксама прэс-канферэнцыя з удзелам Дэйва Льюіса запланаваныя на панядзелак, 15 снежня ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Пачатак а 11-й гадзіне.

Нагадаем, восенню сёлета галоўным трэнерам зборнай Беларусі быў Уладзімір Крыкуноў, які раптоўна пайшоў у адстаўку. Яму прапанавалі ачоліць каманду "Нафтахімік", а на сумяшчэнне ім пасадаў Федэрацыя хакея Беларусі не пагадзілася.

Усе трэнеры зборнай Беларусі:

Уладзімір Сафонаў — 1992 год

Андрэй Сідарэнка — 1993-1996

Анатоль Варывончык — 1996-2001

Уладзімір Крыкуноў — 2002-2003, 2014

Міхаіл Захараў — 2003-2005, 2009-2010

Глен Хэнлан — 2005-2006, 2009, 2013-2014

Курт Фрэйзер — 2006-2008

Эдуард Занкавец — 2010-2011

Кары Хейкіля — 2011-2012

Андрэй Скабелка — 2012-2013

Фота — epicmustaches.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі