Хакейным школам перасталі плаціць за поспехі беларусаў на чэмпіянаце свету

Хакейным школам перасталі плаціць за поспехі зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету. У папярэднія гады гульцы зборнай, якія закідвалі пераможныя шайбы, размяркоўвалі прэміі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба сваім ДЮСШ. Але сёлета сітуацыя змянілася.

“У межах чэмпіянату свету-2015 праект пакуль не працягваецца”, — паведамілі Еўрарадыё ў сектары інфармацыі і грамадскіх сувязяў Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Нагадаем, што яшчэ год таму Міхаіл Грабоўскі тройчы размяркоўваў  матэрыяльную дапамогу дзіцячым школам. За пераможную шайбу у вароты Швейцарыі — 75 мільёнаў у бюджэт СДЮШАР “Юнацтва-Мінск”. За такі ж подзвіг у гульні з немцамі — 75 мільёнаў хакейнай школе ХК “Віцебск”. І ўрэшце пасля таго, як Грабоўскі закінуў латвійцам, дапамогу атрымала магілёўская хакейная школа.

Але сёлета практыка прыпынілася.

“Той праект быў у межах падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які праходзіў у нас у Мінску”, — удакладняюць у Прэзідэнцкім спартыўным клубе.

Сярод хакеістаў, якія атрымлівалі права перадаць дапамогу ад ПСК спартыўным школам былі, напрыклад, Яўген Кавыршын (у 2012 накіраваў дапамогу ў Салігорск), Аляксей Калюжны (у 2010 дапамог “Юнацтву-Мінск”), Міхаіл Стэфановіч (у 2010 накіраваў грошы ў Гродна) і іншыя.

На сёлетнім чэмпіянаце свету па хакеі на рахунку зборнай Беларусі ўжо дзве перамогі і адно паражэнне ў авертайме.

Фота family.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі