Халіп і Марцалеву — 2 гады з адтэрміноўкай, Севярынцу — 3 гады "хіміі"
Такое рашэнне 16 траўня вынесла суддзя Жана Брысіна. Усіх вязняў адпусцілі з залы суда. ДАДАЛІСЯ ФОТАРЭПАРТАЖ І ІНТЭРВ'Ю З ІРЫНАЙ ХАЛІП.
16 траўня
Ірына Халіп: Напішу мужу, змяню ключы ад кватэры, правяду дэзінфекцыю
Андрэй Елісееў
Адразу пасля абвяшчэння прысуду Ірына Халіп, жонка Андрэя Саннікава падзялілася сваймі адчуваннямі.
Ірына Халіп: “Я вельмі ганаруся сваім мужам, лічу яго нацыянальным героем!.. Пасля заявы майго мужа пра тое, што пагражалі маім і данькіным жыццём, я зразумела, што была закладніцай. Яму казалі, што мы – у іх руках, у зачыненай кватэры, без сувязі, нікому нічога не можам сказаць. Увесь гэты час мы былі закладнікамі, і імі застаемся”.
Вядомая журналістка патлумачыла, што значыць 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.
Ірына Халіп: “Гэта значыць, што праз два гады мяне будуць судзіць зноўку, з пракурорам і гэтак далей. І суд будзе вызначаць, ці стала я “на шлях выпраўлення”. Ці можна назваць законапаслухмяным грамадзянінам. Але ці змогуць у нашай краіне назваць законапаслухмяным грамадзянінам незалежнага журналіста?!”
Ірына Халіп таксама падзялілася сваімі самымі тэрміновымі планамі.
Ірына Халіп: “Перадусім – напісаць свайму мужу! Пяць месяцаў мы не мелі магчымасці ліставання, нас падзялілі як навечна. Прысуд мне вынеслі на сёння, каб я не змагла патрапіць на агучванне прысуду майму мужу і пабачыць яго. Па-другое, я змяню замкі ў кватэры, бо ключы ад яе хадзілі з рук у рукі як станіца ў грамадзянскую вайну! Далей, я выклічу ўсякія службы – хімчыстку, дэзінфекцыю і іншыя, бо тры з паловай месяцы па кватэры брындалі дзядзькі ў чырвона-зялёных штанах! А пасля – буду абскарджваць прысуд!”
10.20 Суд Заводскага раёна Мінску вынес Ірыне Халіп і Сяргею Марцалеву вырак — 2 гады зняволення з адтэрміноўкай. Паўла Севярынца асудзілі на 3 гады "хіміі".
Такое рашэнне 16 траўня вынесла Жана Брысіна. Усіх вязняў адпускаюць з залы суда.
13 траўня
19.55 У судовым паседжанні абвешчаны перапынак да 10.00 16 траўня, на ім вынясуць выракі.
19.15 У сваім апошнім слове Севярынец падзякаваў прысутным, бакцькам, сёстрам і Богу, што жыве ў гэтай краіне. Кажа, што сённяшняя сістэма правасуддзя — карная, нашчадак савеччыны. І гэта прыводзіць да нянавісці ў людзях, а не да любові.
Паказальна, што падчас 4-х месяцаў зняволення яму так і не дазволілі сустрэцца са святаром.
19.06 Апошняе слова Марцэлева. Кажа, што не спадзяваўся, што ягоны ўдзел у выбарах закончыцца на лаве падсудных. Ён будзе больш асцярожным адносна ўдзелу у падобных палітычных акцыях. Скончыў выказваннем: “І ўсё ж — яна круціцца”.
18.33. Выступае адвакат Ірыны Халіп. Абвінавачанне Халіп юрыдычна непісьменнае, кажа яна. Нават дзяржаўнае абвінавачанне не разабралася, у чым віна Ірыны Халіп. Уся віна ў тым, што яна ішла ў калоне па вуліцы падчас несанкцыянаванай акцыі, цытуе словы адвакаткі Радыё Свабода.
18.00. Пракурор просіць пакараць:
Паўла Севярынца — 3 гадамі абмежавання волі з накіраваньнем у месцы адбывання пакарання (т. зв. "хіміі");
Ірыну Халіп — 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады;
Сяргея Марцалева — 2 гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
17.22 — 17.45 Пракурор зачытвае абвінавачанне Паўлу Севярынцу ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках: Севярынец віявіў непадпарадкаванне огранам улады, што пацягнула за сабой шкоду дзяржаўным арганізацыям, пункту абмену валюты, метрапалітэну, палацу прафсаюзаў, сарваны рух грамадзкага транспарту. Ягоныя дзеянні падлягаюць пакаранню паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу.
Абвінавачаньне Ірыне Халіп: заклікала грамадзян прыйсці на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, перашкаджала працы праваахоўных органаў. Паводле яе заклікаў гарамдзяне выйшлі на праезную частку.
Марцэлеву — аналагічнае абвінавачанне.
Пракурор падкрэсліў, што іх віна даказаная матэрыяламі справы, у тым ліку паказаннямі супрацоўнікаў міліцыі, відэа- і аўдыёматэрыяламі, паведамляе Радыё Свабода.
16.42 Суддзя абвесціла пра пачатак судовы спрэчак, перадае Радыё "Свабода".
Адвакатка Халіп заявіла, што 30 хвілінаў на падрыхтоўку не хопіць. Аднак суддзя абвясціла перапынак толькі на 30 хвілінаў. Людзі ў залі на гэта выгуквалі "Ганьба!"
16.38 Адвакаты просяць даць магчымасць да ранку прадставіць дакументы, якія маюць адносіны да абароны Халіп. Пракурор пратэстуе, бо лічыць, што гэта зацягванне працэсу. Суддзя падтрымала пракурора і адхіліла хадайніцтва.
16.30 Адватка Халіп просіць выклікаць у якасці сведкаў прадстаўнікоў метрапалітэну, Макдональса і іншых дзяржаўных і камерцыйных арганізацый, якія нібыта панеслі страты. Пракурор просіць адхіліць хадайніцтва, каб не зацягваць працэс. Суддзя падтрымлівае пракурора.
16.24 Адвакат зачытвае характарыстыку на Паўла Севярынца ад БАЖа. Як перадае "Свабода", у ёй гаворыцца пра яго творчасць, кнігу "Лісты з лесу", арганізацыю віктарыны па гісторыі Беларусі ды іншую працу. Што ён таксама вернік і сапраўдны хрысціянін.
Аўтары характарыстык заяўляюць, што Севярынец не мог заклікаць да гвалту і ягонае знаходжанне пад вартай не мае апраўдання.
16.15 Суддзя зачытвае характарыстыку на Ірыну Халіп ад рэдактара расійскай "Новой газеты", дзе яна працуе. Як перадае Радыё "Свабода", Халіп характарызуюць як прафесійную журналістку, якая неаднойчы атрымлівала ўзнагароды, надзейнага і прыстойнага чалавека, клапатлівую маці.
Таксама ўзнагарода на англійскай мове — суддзя сказала, што англійскай не валодае. Адвакатка Халіп адзначыла, што гэта ўзнагарода ад нямецкіх медыяў. Суддзя перапытвае, як Халіп атрымала ўзнагароду, калі знаходзілася пад хатнім арыштам. Халіп тлумачыць, што дыплом атрымаў яе непасрэдны кіраўнік-рэдактар, а журналісты перадалі бацькам, якія маюць права з ёй кантактаваць.
15.52 Распачынаецца прагляд відэазапісаў з прысутнасцю Марцалева. Відэа спыненае на адзіным кадры, за ім гучаць воклічы і скандаваньне «Свабоду!» «Жыве Беларусь!» Марцэлева на відэа пакуль не відаць, адзначае "Свабода".
Зноў спынены кадр, гучыць расійская папса і скандаванне "Сыходзь!" Завершылі прагляд відэа. Марцэлева на ім так і не пабачылі.
15.40 Распачынаецца праслухоўванне аўдыёзапісу выступу Марцалева на радыё. Марцалеў не адмаўляецца, што заклікаў на плошчу, але не арганізоўваў, бо ні месца, ні часу не называў. Пракурор зачытвае гаворку Статкевіча з Марцалевым. Марцэлеў, нібыта кажа: "Давай, займай крэсла Сідорскага!"
15.12 Пачынаецца зачытванне матэрыялаў справы Сяргея Марцэлева, перадае Радыё "Свабода".
Пракурор зачытвае заяву Сяргея Марцалева, у якой ён не прызнае сваёй віны ў частцы масавых беспарадкаў, але заклікаў на плошчу і ішоў па праезнай частцы.
Пракурор зачытвае адказы на запыты з неўралагічнага, наркалагічнага дыспансера, а таксама банка даных аб правапарушэннях — усе станоўчыя.
Таксама станоўчая характарыстыка па месцы жахарства і СІЗА.
14.20 Пракурор зачытваньня раздрукоўкі тэлефонных перамоваў Халіп, паведамляе Радыё "Свабода".
Халіп кажа: Я лічу, што выбары пройдуць, як звычайна, што будуць напісаныя патрэбныя вынікі, што пратэстныя настроі ў грамадстве, неабходна выходзіць на плошчу.
14.08 Пракурор зачытвае папярэджанне Андрэю Саннікаву, якое ёсць у матэрыялах справы Ірыны Халіп. У ім гаворыцца, што Саннікаў заклікаў на акцыю, на якую не падавалася заявак.
Далей — матэрыялы справы аб удзеле ў масавых беспарадках.
Вытрымкі з выступаў Ірыны Халіп: "Давайце прачынацца, скарыстоўваць шанс, 19 сьнежня ўлада абрынецца". Адвакатка пратэстуе і патрабуе зачытваць не фрагмэнты, а увесь выступ. Пракурор зачытвае ўвесь выступ.
Пракурор працягвае зачытваць выступы Халіп па-беларуску. Пра тое, што ўлада бяздарная: бяздарныя чыноўнікі на чале з галоўным. Нават на конкурсе бяздарнасці ён заняў другое месца, бо бяздарны, каб заняць першае.
12.30. Абвешчаны перапынак да 14.00.
Працягваецца допыт сведкаў.
10.55. Дапрошаны сведка Цімафей Дранчук. Суддзя зрабіла яму заўвагу, бо ён апрануты ў тэніску з кароткімі рукавамі. Суддзя чамусьці лічыць, што з'яўляцца ў суд у такім выглядзе — дэманстраваць непавагу да суда, паведамляе Радыё Свабода.
10.50. Дапытаная сведка Аліна Лядненка, жыхарка Брэста і знаёмая Сяргея Марцалева. Пракурор пытаецца ў яе, ці даваў ёй Марцалеў рэкамендацыі адносна акцыі 19 снежня? Аліна Лядненка адказвае, што Марцалеў, як мужчына, сябар, прадстаўнік моцнага полу, хваляваўся за яе.
Пракурор перапытвае, ці казаў Марцалеў пра магчымы гвалтоўны характар акцыі? Яна адказвае, што і ён, і іншыя знаёмыя казалі, што на любой акцыі могуць быць правакацыі.
Тады суддзя зачытвае пратакол допыту, падчас якога сведка, нібыта, адказвала, што Марцалеў ёй пісаў у скайпе 17 снежня: На плошчы будзе "гарачавата", каб бераглі сябе.
10.25. Сёння былі дапытаныя сведкі — кіроўцы аўтобусаў. Цяпер ідзе допыт прадпрымальніка, былога палітвязня Вадзіма Кабанчука. Ён кажа, што шэсце 19 снежня было мірным і ніякіх непарадкаў падчас хады не адбывалася. Кабанчук сведчыць, што паводле ягоных назіранняў, біццё шкла распачалося раней, чым туды прыйшла асноўная калона, паведамляе Радыё Свабода.
Павел Севярынец па-ранейшаму стаіць падчас працэсу.
12 траўня
16.50. Суд праглядзеў запісаны КДБ перадвыбарчы выступ Паўла Севярынца ў якасці даверанай асобы кандыдата на прэзідэнта Рымашэўскага ў Бабруйску. У ім ён "запрашаў людзей на Плошчу".
У канцы выступу ў Бабруйску на відэазапісе чуваць, як Севярынец заклікаў:
Жыве Беларусь! У адказ на гэта ў судовай залі заапладзіравалі. Суд
вярнуўся да пісьмовых матэрыялаў справы: пратаколаў ператрусаў,
канфіскацыі перадавыбарчых улётак. Аб'яўлены перапынак да 10 гадзінаў 13 траўня, інфармуе Радыё Свабода.
16.25 Пракурор зачытаў вельмі падрабязныя справаздачы КДБ пра перадвыбарчыя выступы Севярынца, а таксама заявы грамадзян, якія былі на ягоных сустрэчах у Магілёўскай вобласці і сведчылі, што ён заклікаў у Мінск на Плошчу.
Паглядзелі запісаны КДБ перадвыбарчы выступ Севярынца як даверанай асобы Рымашэўскага ў Бабруйску. Севярынец на стужцы кажа, што МФ і БХД пойдуць на Плошчу ад вакзала, а калі перагародзяць, то ў Мінску багата месцаў, дзе можна правесці мітынг. У Бабруйску Севярынец казаў, што на Плошчу прыйдзе, паводле ягоных падлікаў, 15-20 тысяч чалавек і дэманстраваў легальна апублікаваныя ўлёткі, выдадзеныя за сродкі ЦВК, з заклікам на Плошчу, перадае Радыё "Свабода".
15.30 Ідзе прагляд відэаматэрыялаў. У іх перамяжоўваюцца кадры то з Кастрычніцкай плошчы, то з Незалежнасці. Нарэзка не вытрыманая ў храналагічным парадку. Некалькі разоў паказваюць Кастусёва, які кажа: "Разам і бацьку лягчэй біць. І весялей". Відэа з плошчы Незалежнасці паказваюць, нягледзячы на тое, што падзеі на плошчы Незалежнасці не ўвайшлі ў абвінавачваньне Марцэлеву, Севярынцу і Халіп, перадае Радыё "Свабода".
Адвакатка Халіп пытае пра відэа: "Што вы гэтым самым дэманструеце?" Пракурор адказаў: "Мірную дэманстрацыю". Ірына Халіп заўважае, што яе толькі адзін раз паказалі на відэа, калі з Кастрычніцкай плошчы людзі выйшлі на праспект.
14.55 У якасці відэа ў судзе аглядаецца рэпартажы БТ і АНТ з падзеяў 19 снежня, у якіх ёсць шмат непраўдзівай перадузятай інфармацыі. Тое, што аўтобус Някляева вёз выбухоўку, апаратуру і г.д. Хаця ў працэсе Някляева ўжо былі агучаныя паказанні, што там была толькі гукаўзмацняльная апаратура. Аглядаецца не відэахроніка ці апэратыўныя здымкі, а рэпартаж журналістаў. Пракурор удакладніў, што гэты дыск быў далучаны да справы рашэннем следства. Далей паказваюць змантаваную хроніку мітынгу на Плошчы Незалежнасці - вельмі нізкай якасці, кадр увесь час зрываецца. На кадрах няма даты і часу, перадае Радыё "Свабода".
14.20 Працэс адноўлены. Пачалося вывучэнне матэрыялаў справы.
Агучваюцца даведкі аб затрымках у выкананні рэйсаў аўтатранспарту, даведка пра "шкоду" Макдональдса 8 мільёнаў рублёў ды іншыя вядомыя па ранейшых працэсах падобныя дакументы. Агучваецца таксама пазоўная заява Мінсктрансу пра спагнанне стратаў на суму 159 тысяч рублёў, ужо аплачаная Змітром Бандарэнкам. Адвакатка Ірыны Халіп звяртае ўвагу на даведку з мінскага метро, што ніякіх стратаў ад падзеяў не панесла, і аналагічную даведку з Абсалютбанку: "Прычыненай шкоды няма". Зачытваецца другі том, у ім характарыстыкі на падсудных.
12.20. Допыт сведкаў на сёння скончаны. Суд вырашыў перайсці да вывучэння матэрыялаў справы. У судзе абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны, паведамляе Радыё Свабода.
11.25 Адвакат пытаецца ў сведкі Данянкова: Колькі грамадзян вы пакаралі за парушэнне правіл дарожнага руху? Данянкоў: Я не склаў ніводнага пратаколу. Адвакат: Ці непасрэдна вы папярэджвалі каго-небудзь за парушэнне ПДД? Сведка: Нешта гаварылі іншыя. Начальнік ДАІ Карзюк, у прыватнасці. Вы размаўлялі з Халіп? Сьведка: не.
11.05. Дапытаныя сведкі — Дзяніс Кіслоў, супрацоўнік гарадской міліцыі, які працаваў з гукаўзмацняльнай апаратурай, і Анатоль Данянкоў, супрацоўнік ДАІ. Апошні распавёў пра тое, як 19-га снежня дэманстранты "прарвалі ланцуг і выйшлі на праезную частку".
Ірына Халіп кажа Данянкову, што ёй знаёмы яго твар. "Гэта не вы часам летась вымагалі ў мяне хабар за перавышэньне хуткасці?", — яе пытаньне выклікала смех, але суддзя яго зняла, інфармуе Радыё Свабода.
10.45. Былі дапытаныя сведкі — Юрый Каралькоў, старшы інспектар ГУУС Мінску, і Міхаіл Чарнабай, галоўны механік з кампаніі "Белінвэстсэрвіс". Чарнабай 19 снежня ён быў камандзірам узводу ДАІ і ўдзельнічаў у атачэнні праезнай часткі праспекта Незалежнасці.
10.15. Маці Севярынца Тацяна прынесла Паўлу лекі — у Паўла баліць спіна і ён вымушаны стаяць цягам усяго працэсу. Але лекі для Паўла пакуль не прынялі, паведамляе Радыё Свабода.
11траўня
14:52 Севярынец, калі яму далі магчымасьць задаць пытанне Халіп, толькі заявіў: "Ірына Уладзіміраўна - вельмі мужная жанчына".
Судом абвешчаны перапынак да заўтра да 10 гадзін.
14.50 Палажэнні абвінаваўчага заключэння Халіп назвала надуманымі, тэрміналогіяй піянерскага лагера. Заявіла, што не прызнае сябе вінаватай. "Адзінае, што я прызнаю, гэта тое, што некаторыя пасажыры аўтобусаў даехалі да сваіх прыпынкаў на 15-20 хвілін пазней. Але гэтаксама прэзідэнцкія картэжы спыняюць рух на праспэкце".
14.40 Халіп: "Я ж журналіст, як я магла застацца на Кастрычніцкай плошчы, я не магла кінуць свайго мужа, і я лічу, што калі б людзі не выйшлі на праезную частку, магло б быць кепска. Была б другая Няміга". Падзеі на плошчы Незалежнасці не ўваходзяць у склад абвінавачання Халіп, паведаміла адвакат у адказ на роспыты пракурора пра біццё шыбаў. Ірына кажа, што бачыла ля Дома ўраду толькі спіны калег журналістаў. Ірына падрабязна распавядае, як зьбілі і затрымалі яе мужа і яе саму. "Затрымлівалі нас незаконна, не прадставіўшыся нават. Майго мужа збівалі нагамі, калі ён ляжаў на зямлі. Потым толькі ў машыне мне сказалі, што я затрыманая. Да таго незаконна збівалі, хаця мы не супраціўляліся".
Абвінавачваньне Ірына назвала абсурдным.
14.20 Дае паказанні Ірына Халіп. Яна кажа, што была даверанай асобай Санінікава, бо была гатовая ва ўсім дапамагаць свайму мужу.
"Я казала, што выбары могуць быць сфальшаванымі. Я гэта не прыдумала, Лукашэнка сам прызнаў, што выбары сфальшаваныя, што ён аддаваў каманду памяняць вынік выбараў. Ня я першая пра гэта сказала, я толькі паўтарыла", - перадае Радыё "Свабода" словы Халіп.
14.05 Пасля перапынку працягваецца допыт сведкаў. Севярынец адмаўляецца даваць паказанні. "Тое, што я скажу, можа быць выкарыстана не толькі супраць мяне, але і супраць іншых. Гэта не крымінальная справа, а замаскіраваная палітычная", - кажа Севярынец.
12.55. Марцалева цалкам дапыталі. Абвешчаны перапынак да 14:00.
12.40.Сяргей Марцалеў прызнае віну, што заклікаў людзей на Плошчу, а таксама ішоў па праезнай частцы, чым замінаў працы транспарта. "Мой удзел у акцыі адпавядаў маім поглядам, майму удзелу ў выбарчай кампаніі", — цытуе словы Марцалева nn.by.
11.50. У выступе пракурора чуваць такія выразы “злачынныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак, незаконныя масавыя беспарадкі, загадзя незаконныя патрабаванні, непадпарадкаванне законным дзеянням улады”.
Халіп цягам “выказваючы надуманыя абвінавачванні аб недамакратынасці выбараў” неаднаразова заклікала на Кастрычніцкую плошчу.
Паводле слоў пракурора, Севярынец і Халіп "асабістым прыкладам вялі за сабой людзей" і "адмаўляліся сысці з праезнай часткі праспекта", паведамляе nn.by.
Сяргей Марцалеў прызнае поўнасцю абвінавачванне. Севярынец не прызнае. Халіп таксама не прызнае.
11.15 Суддзя адхіліла хадайніцтва аб змяненні меры стрымання Халіп. Суддзя пры гэтым спаслалася на Крымінальна-працэсуальны кодэкс, і на тое, што ёй ставіцца ў віну "злачынства сярэдняй цяжкасьці", паведамляе Радыё Свабода.
10:51. Бахціна кажа, што Халіп не можа нават пісаць лісты свайму мужу Андрэю Саннікаву. Змяніць меру стрыманню варта хаця б той прычыны, што Халіп з’яўляецца адзінай карміцелькай у сям’і.
Марцалеў сядзеў на лаве, а вось Севярынец чамусьці стаіць, інфармуе nn.by.
Пракурор Жукоўскі лічыць, што хадайніцтвы адвакатаў трэба адхіліць. Тым не менш, суддзя Брысіна задаволіла дадатковы выклік сведкаў. Далучылі ўзнагароды Халіп. А вось датычна змянення меры стрымання Ірыне суддзя зноў выйшла ў дарадчы пакой.
Ала Саннікава, Люцына Халіп і Таццяна Севярынец перад пачаткам працэсу
10:40. Суддзя Брысіна адхіліла хадайніцтва Севярынца аб адводзе суддзі. Яна лічыць, што недавер усяму правасуддзю — недастатковая прычына, каб адмовіць разглядаць працэс.
Адвакат Мушынскі заяўляе хадайніцтва аб допыце сведкаў з боку абароны. Абсалютная большасць — гэта сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Усяго больш за дзесяць чалавек.
Адвакатка Бахціна просіць агледзіць журналісцкія ўзнагароды Халіп у Беларусі і за мяжой. Сярод іх прэмія “Вольнае слова” за публікацыю “Евангелле ад Лукавага”. Таксама адвакатка просіць змяніць Ірыне Халіп меру стрымання з хатняга арышту пад падпіску аб нявыездзе, інфармуе "Наша ніва".
Павел Севярынец
Ірына Халіп
Сяргей Марцалеў
У судзе Завадскога раёна сталіцы сёння а 10-й пачаўся працэс па справе сустаршыні аргкамітэта па стварэнні “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Паўла Севярынца, журналісткі "Новой газеты" Ірыны Халіп і сацыял-дэмакрата Сяргея Марцалева. Усіх абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным ўдзеле ў іх".