Хлопцу, якога злавілі на хуткасці 299 км за гадзіну, пагражае толькі штраф

Хлопцу, якога злавілі на хуткасці 299 км за гадзіну, пагражае толькі штраф

1 чэрвеня на сайце гродзенскага ДАІ з'яўляецца незвычайнае паведамленне: "А дзясятай гадзіне раніцы па аўтадарозе М6 дваццацітрохгадовы мінчанін на зарэгістраваным на маці пазадарожніку не проста ехаў, а імчаўся. На 198-м яе кіламетры прыбор зафіксаваў хуткасць "Мерседэса" 299 кіламетраў за гадзіну. Да гэтага ліхач 27 разоў прыцягваўся да адказнасці за парушэнні Правілаў дарожнага руху, з якіх 14 ― за перавышэнне хуткасці".

Фантастыка. Амаль 300 кіламетраў за гадзіну на джыпе (хай сабе, гэта і "Мерседэс") па гродзенскай(!) трасе. Такіх цудаў нават Шумахер сабе не дазваляў. А тут просты беларускі 23-гадовы хлопец.

Прэс-сакратар гродзенскага абласнога ДАІ Алег Дук кажа, што гоншчык аддзелаўся толькі штрафам. Забраць правы ў хлопца не змаглі, бо гэта яго першае перавышэнне хуткасці за апошні год.

"Калі б гэта было паўторна на працягу года, то было б пазбаўленне правоў. Ён ужо ў 2014 годзе пазбаўляўся за гэта. А цяпер, на жаль, толькі ад 3 да 10 базавых", ― шкадуе Алег Дук.

Хлопцу, якога злавілі на хуткасці 299 км за гадзіну, пагражае толькі штраф
Прыкладна на такім аўтамабілі рухаўся парушальнік-рэкардсмен. Завадское абмежаванне хуткасці гэтага "Мэрсэдэса" роўнае 250 кіламетрам на гадзіну. Да "сотні" машына разганяецца за 5 секунд. Да максімальнай хуткасці за паўхвіліны.

Як удалося даведацца Еўрарадыё, супрацоўнікі ДАІ самі не адразу паверылі паказанням свайго радара. І нават правяралі яго спраўнасць. Сам парушальнік спасылаўся на тое, што спідометр яго аўтамабіля абмежаваны 260 кіламетрамі за гадзіну. І калі стрэлка заняла крайнюю пазіцыю, аўтамабіль працягваў разганяцца.

Хлопцу, якога злавілі на хуткасці 299 км за гадзіну, пагражае толькі штраф
Парушальніка спынілі на гэтым участку трасы М6. У ДАІ гавораць, што ён зусім не прызначаны для хуткаснага руху.

На аўтамабільных форумах тым часам навіну актыўна абмяркоўваюць. Адны не вераць таму, што пазадарожнік "Мерседэс" увогуле можа разагнацца да 299 кіламетраў, іншыя скептычна ацэньваюць магчымасці радараў, якія выкарыстоўвае беларуская ДАІ. Маўляў, больш за 250 кіламетраў за гадзіну яны не здольныя зафіксаваць у прынцыпе. На жаль, мадэль радара застаецца таямніцай. Вядома толькі, што гэта быў радар экіпажа ДАІ, а не стацыянарная фотакамера. Прадстаўнікі ДАІ Шчучына ад любых каментарыяў адмаўляюцца катэгарычна. А дарэмна. Магла б быць добрая гісторыя для агітацыі на карысць выканання кіроўцамі Правілаў дарожнага руху.

Як паведамляе сайт autogrodno.by, мінчанін ехаў на Mercedes-Benz GL 500. Вытворца паведамляе, што такі аўтамабіль не можа разагнацца больш чым да хуткасці 250 кіламетраў за гадзіну. Хаця на аўтамабільных форумах пішуць, што абмежаванне гэтае штучнае і пры вялікім жаданні яго можна зняць, і ваш Mercedes-Benz GL 500 будзе здольны ехаць хутчэй, чым 300 кіламетраў за гадзіну. Пытанне толькі ў тым, ці магчыма гэта ў прынцыпе на трасе М6, якая зусім не нямецкі аўтабан. І ці не хаваецца сакрэт рэкорднага парушэння ў банальнай няспраўнасці радараў Дзяржаўнай аўтаінспекцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі