Хлопцы дарылі жанчынам кветкі ля мемарыяла Тарайкоўскаму — ім далі па 15 сутак
Мемарыял Тарайкоўскаму на ст.м. Пушкінская / Еўрарадыё
У сераду, 7 кастрычніка, на працягу ўсяго дня па горадзе збіраліся ланцугі салідарнасці. Сабраліся людзі і каля станцыі метро "Пушкінская" — на тым баку, дзе знаходзіцца народны мемарыял, прысвечаны забітаму 10 жніўня дэманстранту Тарайкоўскаму.
Трое хлопцаў — Арцём, Віктар і Дзяніс — прыехалі з іншага раёна падтрымаць жанчын у свой абедзенны перапынак. Але на працу ні ў той дзень, ні пазней не вярнуліся.
— Гэта мае сябры. Яны падчас абедзеннага перапынку надумалі зганяць у горад, падарыць кветкі дзяўчатам, — расказаў Еўрарадыё Яўген, знаёмы маладых людзей. — Як іх затрымалі, я дакладна не ведаю. Яны паехалі з "Пушкінскай" на "Каменную Горку", а дзесьці там іх затрымалі, бо прыйшоў SOS-сігнал каля Фрунзенскага РУУС.
Пасля затрымання хлопцаў перавезлі ў ізалятар у завулку Акрэсціна да суда. У аднаго з хлопцаў суд адбыўся на наступны дзень пасля затрымання, а дваіх судзілі 9 кастрычніка. У выніку ўсе трое атрымалі па 15 сутак арышту.
— Яны проста скінуліся, купілі кветак, надумалі парадаваць дзяўчат. Падазраю, што дзесьці на "Пушкінскай" іх заўважылі ціхары, далажылі. І ў раёне "Каменнай Горкі" затрымалі, — кажа Яўген. — Яшчэ і машыну, аказваецца, на экспертызу на месяц забралі.
Хотите дно? В среду трое моих коллег скинулись и купили цветы, решили вместо обеда поехать в город, подарить девушкам цветы, в том числе тем, кто вышел в цепи солидарности. В районе Пушкинской походу их запасли тихари и передали данные машины
— Великий Кедсби (@Kedius) October 9, 2020
Цяпер сваякі і знаёмыя перадалі хлопцам цёплыя рэчы. Вядома, што дваіх пераводзяць у ізалятар у Жодзіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.