Хто развітаецца з Лехам Качыньскім ад імя беларусаў?

Ля трунаў Леха і Мар’і Качыньскіх збяруцца разам канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, французскі прэзідэнт Нікаля Сарказі, кіраўнік Расіі Дзмітры Мядзведзеў і прэзідэнт ЗША Барак Абама. Чакаюцца таксама і высокія прадстаўнікі ЕС ды НАТА. Стратай для ўсяго свету назваў трагедыю ад Смаленскам Барак Абама, выступаючы 13 красавіка на Саміце па атамнай бяспецы ў Вашынгтоне. 
Барак Абама:Гэта не страта не толькі для Польшчы, а яшчэ і для ўсяго свету. Амерыка як саюзнік і блізкі сябар – сёння разам з Польшчай і палякамі, таксама ў гэтыя цяжкія дні. Я ведаю, што як міжнародная грамадскасць мы ўсе будзем разам з польскім народам, які праявіў у сваёй гісторыі незвычайную сілу і вынослівасць. Душой мы разам з палякамі – у думках і малітвах. Злучаемся з імі з жалобе”.
Раней следам за Польшчай нацыянальную жалобу абвясцілі на розных кантынентах. Літва, Бразілія, Украіна, Грузія ды іншыя краіны такім чынам выказалі сваю салідарнасць з палякамі, якія страцілі значную частку палітычнай эліты. А вось беларускія ўлады пакуль абмежаваліся толькі пісьмовымі спачуваннямі. Удзел кіраўніка Беларусі ў пахаванні Качыньскага  таксама пакуль пад вялікім пытаннем, даведалася Еўрарадыё ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.
Супрацоўнік прэс-службы: Аляксандр Рыгоравіч знаходзіцца ў паездцы па Беларусі, таму пакуль няма ніякай інфармацыі. Усе зараз, здаецца, на Гомельшчыне”.
Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных запэўніў Еўрарадыё, што Беларусь на пахаванні польскага прэзідэнта Леха Качыньскага будзе прадстаўленая на самым высокім узроўні.
Андрэй Савіных:Афіцыйная дэлегацыя высокага ўзроўню будзе накіраваная ад Рэспублікі Беларусь у Польшчу для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах. У дадзены момант склад узгадняецца – у кожным выпадку, у бліжэйшыя дзень-два будзе ўжо вядома”.
Таксама сваю дэлегацыю да ўдзелу ў пахаванні Леха Качыньскага рыхтуе і Партыя БНФ. Нагадаем, партыя польскага прэзідэнта “Права і справядлівасць” і Партыя БНФ маюць падпісаныя дамовы аб партнёрстве.
Тым часам, на польскую зямлю працягваюць дастаўляць целы загінулых 10 красавіка ў авіякатастрофе пад Смаленскам. У сераду 14 красавіка ў Варшаву прыбылі 32 труны з парэшткамі ахвяр трагедыі. Чарговым спецыяльным самалётам у польскую сталіцу даставяць таксама цела апошняга польскага прэзідэнта ў выгнанні Рышарда Качароўскага. 
У гэтыя хвіліны працягваецца і развітанне з Мар’яй і Лехам Качыньскімі. Труны з іх целамі выстаўленыя ў Прэзідэнцкім палацы для наведвальнікаў, якіх за апошнія некалькі дзён сабралася сапраўды шмат. Палякі стаяць у даўжэзных чэргах перад Прэзідэнцкім палацам нават уначы. 
Старэйшая жанчына:Я стаяла ўсю ноч, ад 23 гадзіны і да раніцы. Але мне гэта прыемна. Дождж пачаўся толькі зараз, а ўначы надвор’е было добрае, таму стаялася добра. Я ж стаю не проста так, а дзеля пэўных каштоўнасцяў. Трэба рэалізаваць іх, так як рабіў гэта  наш прэзідэнт”.
Цырымонія, прысвечаная ўсім загінулым у катастрофе, адбудзецца ў Варшаве ў суботу 17 красавіка. А вось пахаванне прэзідэнцкай пары, згодна з жаданнем сваякоў, было вырашана правесці ў Кракаве. Лех і Мар’я Качыньскія спачнуць побач з Юзэфам Пілсудскім, Тадэвушам Касцюшкам, Адамам Міцкевічам і польскімі каралямі. Гэта афіцыйна пацвердзіў і кракаўскі мітрапаліт кардынал Станіслаў Дзівіш.
Станіслаў Дзівіш: Прынята канчатковае рашэнне, што больш адпаведным месцам будзе кракаўскі Вавель. Каб прэзідэнт быў пахаваны разам з тымі людзьмі, якія зрабілі сапраўды шмат для нашай краіны, сярод каралёў, герояў, правадыроў. Мне б вельмі зацелася, каб гэтае месца і гэтае пахаванне аб’яднала нашае грамадства. А таксама для супакою. ”
Між тым, рашэнне сваякоў Качыньскіх пахаваць прэзідэнцкую пару на Вавелі прынялі далёка не ўсе палякі. Увечары 13 красавіка ў Кракаве нават адбыўся мітынг супраціву пад лозунгамі “Кракаў кажа не!”, “Ці сапраўды годны каралёў?” і “Не на Вавель, а на могілкі Павонзкі!”. У ім прыняло ўдзел каля 400 чалавек. Пратэстоўцы абяцаюць, што іх будзе станавіцца ўсё больш.
Студэнт з Кракава:Так, увогуле канешне нам неяк нязручна, што мы пратэстуем падчас нацыянальнай жалобы. Аднак на Вавелі спачываюць людзі, найбольш заслужаныя для гісторыі нашай краіны. Гэта сапраўды вялікія асабістасці. Я шанаваў прэзідэнта Качыньскага, аднак, брыдка кажучы, мне здаецца ён не вельмі ўпісваецца ў гэтую кампанію.”
Дарэчы, пад лістом супраць пахавання Качыньскіх у кракаве падпісалася каля 30 тысяч польскіх інтэрнаўтаў. Падтрымаў іх і рэжысёр фільма "Катынь" Анджэй Вайда.

Вось так выглядае падзямелле кракаўскай катэдры, у якім пахаваюць пару Качыньскіх


У крыпце побач з Юзэфам Пілсудскім ужо ідзе падрыхтоўка да пахавання прэзідэнцкай пары




А вось і само надмагілле Юзэфа Пілсудскага, якое прыкрылі на час падрыхтоўчых прац




Фота: fotoforum.gazeta.pl, gazeta.pl, wyborcza.pl.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі