Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"

Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"

1 лістапада ў Мінску абвешчаны прысуд па справе 17-гадовага Аляксандра Харуты. У ліпені юнак разам з сябрам гуляў па сталічных вуліцах нападпітку і быў затрыманы. Амапаўцы адвялі хлопцаў у аўтазак. Далейшыя дэталі сталі вядомыя пасля ўмяшальніцтва ў справу праваабаронцаў. Яны паведамлялі, што падлеткаў збілі і паклалі тварам у падлогу, а адзін з амапаўцаў памачыўся ім на галовы. Аднак у выніку асудзілі не міліцыянтаў, а Харуту. Ён атрымаў два гады "хатняй хіміі" за... збіццё амапаўца!

Вось Аляксандр Харута. Сапраўдная машына для забойстваў. У судзе амапавец Алег Шарко распавёў, як хлопец кінуўся на яго ў аўтазаку з крыкам "Валі мусароў!".

Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"

Што праўда, у міліцыі Шарко больш не працуе. Ну а як не звольніцца, калі цябе ў аўтазаку збівае шчупленькі хлопчык? Натуральна, ніякай павагі ад калегаў пасля такога чакаць не даводзіцца.

"Калі падлетка прызнаюць вінаватым — час пісаць новы адкрыты ліст Шуневічу [міністр унутраных справаў. — Еўрарадыё] пра тое, што час распускаць АМАП, калі іх збіваюць затрыманыя падлеткі ў аўтазаках", — напісаў напярэдадні абвяшчэння прысуду па справе Харуты блогер Антон Матолька.

Каб вы разумелі, каго палез крыўдзіць 17-гадовы хлопец. Кандыдаты на працаўладкаванне ў АМАП абавязкова здаюць нарматывы па фізпадрыхтоўцы. У аддзеле кадраў мінскага АМАП распавялі, што мінімальны рост, з якім сюды прыходзяць служыць, — 170 см.

"У нас першая група прызначэння. Мінімум рост павінен быць — 170. Нават калі 169 — дактары не прапусцяць, няма сэнсу нават пачынаць праходзіць камісію. АМАП — гэта першая група прызначэння".

Перавага аддаецца кандыдатам, якія адслужылі ў войску. "Мы можам набіраць для службы ў АМАП хлопцаў, якія не маюць за плячыма досведу армейскай службы, — піша сайт sb.by пра тых, каго чакаюць у шэрагах амапаўцаў. — Але ў іх мусіць быць выдатная фізпадрыхтоўка, спартовыя разрады, бо ўзмоцненыя нагрузкі здольны вытрымаць не кожны".

Еўрарадыё вырашыла прыгадаць, хто яшчэ адважваўся падымаць руку на беларускіх міліцыянтаў.

Міліцыянт vs. маці-адзіночка Анастасія Навоева 

Доўга капацца ў памяці не прыйшлося. Вось маці-адзіночка Анастасія Навоева з Бабруйска, якую год таму судзілі за нападзенне на міліцыянта. У інтэрнэт трапілі кадры "нападзення", які адбываўся пасярод дня на аўтобусным прыпынку:

Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"
Так Навоева збівала міліцыянта.

АМАП vs нудысты на мінскім пляжы

Вось нашумелае відэа з мінскага пляжа, знятае ў жніўні 2015 года. Амапаўцы спрабуюць затрымаць нудыстку, за яе ўступаюцца двое мужчын. У аднаго з іх зламаная нага, ён ходзіць на мыліцах. На відэа бачна, як жанчына і мужчына на мыліцах пасля пары міліцэйсціх прыёмчыкаў валяцца на зямлю. Жанчына ўвесь час трымаецца за шчаку. Па словах відавочцаў, яе "абаронцаў" з пляжа забірала хуткая.

Так непадпарадкоўваўся АМАПу чалавек на мыліцах.

Жанчыну, якая загарала топлес, абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Мужчынам інкрымінавалі умяшанне ў разрашэнне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.

ДАІ vs 21-гадовы раварыст Дзмітрый Паліенка

Вось мінчук Дзмітрый Паліенка. 29 красавіка 2016 года ён быў затрыманы ў Мінску падчас акцыі "Крытычная маса". Яе ўдзельнікі дамагаюцца дазволу для раварыстаў ездзіць па дарогах. Па версіі ДАІ, хлопец пабіўся з супрацоўнікамі ДАІ, а на адным з іх нават падраў службовую камізэльку.

Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"
Фота: "Наша Ніва".

Паліенку прызналі вінаватым у "гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў" і асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду.

Так біўся з ДАІ Дзмітрый Паліенка.

Міліцыянты vs журналіст Іван Шульга

Вось журналіст тэлеканала "Белсат" Іван Шульга. У лютым 2010 года яго асудзілі на 10 сутак за дробнае хуліганства.

Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"
Фота: радыё "Свабода". На другім фота міліцыянт вядзе Івана Шульгу ў машыну пасля абвяшчэння прысуду.

Па словах амапаўцаў, якія затрымлівалі Шульгу, ён быў п’яны, ударыў аднаго з супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сарваў з яго пагоны. Факт алкагольнага ап’янення падчас суда быў зняты. Але ад арышту гэта журналіста не выратавала.

АМАП vs журналіст Павел Дабравольскі

Журналіст Павел Дабравольскі "атрымаў" ад міліцыянтаў наўпрост у будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска. Дабравольскі, што называецца, апынуўся не ў тым месцы: здымаючы, як людзі ў форме выводзяць з залы суда маладафронтаўцаў, пайшоў за імі і ў выніку таксама трапіў пад раздачу.

Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"
Відавочна, Павел Дабравольскі сам палез да міліцыянтаў.

У той жа дзень і ў тым жа судзе журналісту выпісалі штраф за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Адзін з іх падчас працэсу засведчыў, што Дабравольскі "наваліўся ззаду, хапаў за каўнер і цягнуў назад". Як у журналіста з тэлефонам у руцэ атрымалася другой рукой стрымліваць адразу дваіх амапаўцаў, сведка не патлумачыў.

Міліцыя vs сляпы са станцыі метро "Уручча"

Вось Дзмітрый Арцёмаў. Ён інвалід па зроку. 18 верасня 2015 года ён прасіў міласціну ў пераходзе станцыі метро "Уручча" ў Мінску і вельмі не хацеў адтуль сыходзіць, калі за ім прыйшлі міліцыянты. На відэа бачна, як сляпога спускаюць з лесвіцы.

Сляпы падняў на міліцыянтаў не руку, а зуб!

Міліцыя заявіла, што Арцёмаў пакусаў двух праваахоўнікаў за рукі. На сляпога адразу знайшлося шмат "кампрамату": інваліда па зроку было вырашана не затрымліваць, але пагутарыць з ім пра тое, што адбылося ў пераходзе, не атрымалася: яго змясцілі ў дом-інтэрнат, які нельга наведаць без адмысловага дазволу.

 

Спецназ vs 23-гадовы футбаліст Сяргей Булынёнак

Вось гулец футбольнага клуба "Ашмяны" Сяргей Булынёнак. Яму 23 гады. 2 ліпеня 2016 года ён быў збіты і затрыманы пасля гульні, калі разам з іншымі футбалістамі ехаў у Мінск. "Адзін футбаліст ФК "Ашмяны" адмовіўся выйсці з машыны. Адхіліўшыся на заднім сядзенні аўтамабіля, ён некалькі разоў нанёс удары ў грудзі супрацоўніку спецпадраздзялення. У сувязі з гэтым да яго была прымененая фізічная сіла", — напісалі пра гэта ў зводцы.

Іх б'юць жанчыны і дзеці. Міліцыянты і людзі, якія ім "навалялі"
Так выглядае хлопец, які пабіў спецназаўца нагамі.

"Як я мог біць супрацоўніка спецназа, калі людзі з пісталетамі нападаюць?" — казаў пазней Булынёнак. Па яго словах, праваахоўнікі прынеслі прабачэнні яго бацькам і сказалі, што шкадуюць пра інцыдэнт.

Але што значаць гэтыя прабачэнні? У артыкуле, зусім нядаўна надрукаваным у часопісе "Спецназ", жорсткасць пры затрыманнях, на якія выязджае АМАП, патлумачаная проста: памылкі быць не можа. "Можа быць толькі прыкры промах, які дазволіць яму [злачынцы. — Еўрарадыё] пазбегнуць заслужанага пакарання. Да моманту затрымання на падставе пацверджаных і пераправераных звестак аформленыя ўсе пастановы і санкцыі. Наша задача — затрымаць падазраванага, нярэдка з палічным, не даць яму знішчыць улікі, а ўсё астатняе кладзецца на следства і суд. Вось такое раздзяленне працы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі