Іх норавы: што агульнага ў Маска з Неронам і за што заканселілі Чэмпіянат свету
Кароткі агляд сусветных навінаў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі хочаце добрых навін, вам прыйдзецца дачытаць гэты агляд да канца. А калі няма часу чытаць, слухайце нас на любой зручнай платформе.
Недатыкальны прынц
Навіна, вартая перадавіц беларускай прапаганды. Рэкамендуем звярнуць на яе ўвагу, каб абгрунтавана залямантаваць:
- Ці гэта іншае?
ЗША пастанавілі, што наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен Салман валодае імунітэтам ад судовага іску, які падала нявеста забітага журналіста Джамаля Хашогі, піша ВВС.
Не стамляемся нагадваць: крытык саудаўскіх уладаў Хашогі быў журналістам амерыканскага выдання Washington Post. Ён быў жорстка забіты ў консульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле ў кастрычніку 2018 года. Выведка ЗША раней заяўляла, што, на яе думку, забойства замовіў прынц Махамед.
Але цяпер у прынца новая роля — ён прэм'ер-міністр Саудаўскай Аравіі. І, значыць, па міжнародным праве ў дачыненні да яго не можа быць пададзены іск. Адміністрацыя Джо Байдэна паспрабавала падкрэсліць, што гэтае рашэнне не азначае прызнання невінаватасці прынца. Маўляў, гэта звычайнае юрыдычнае вызначэнне згодна з прынцыпам міжнароднага права.
Былую нявесту Хашогі, Хатыджэ Джэнгіз, не пераканалі. Яна адказала юрыстам коратка: "Сёння Джамал зноў памёр".
Не стамляемся нагадваць: калі вы беларуская прапаганда і слухаеце нас, то, абгрунтавана абурыўшыся "падвойнымі стандартамі", раскажыце сваім слухачам, што ў Беларусі за кратамі застаюцца 30 прадстаўнікоў медыя.
Зноў Хантэр
Такім чынам, прамежкавыя выбары ў ЗША завяршыліся. У Палаце прадстаўнікоў ЗША большасць атрымалі рэспубліканцы, а Сенат застаўся за дэмакратамі. І рэспубліканцы тут жа ўзяліся за працу.
На наступны ж дзень пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў яны аб'явілі, што прыярытэтам працы стане расследаванне спраў прэзідэнцкай сям'і, піша ВВС. Галоўны аб'ект расследавання — сын Джон Байдэна — Хантэр.
У дачыненні да яго ўжо вялося федэральна расследаванне, але пакуль што ніякіх абвінавачванняў Хантеру не прад'явілі. З адміністрацыяй прэзідэнта Байдэн-малодшы не звязаны. Але рэспубліканцы плануюць вызначыць, ці быў звязаны Джо Байдэн са справамі сына ў тыя гады, калі займаў пасаду віцэ-прэзідэнта пры Бараку Абаме.
Дэмакратычная партыя мяркуе, што расследаванне — гэта "палітычныя практыкаванні, накіраванымі на тое, каб нашкодзіць прэзідэнту Байдэну".
Усё гэта азначае, што эпоха расследавання беспарадкаў на Капіталійскім пагорку падыходзіць да канца. Новы Кангрэс — новыя расследаванні. Рэспубліканцы таксама маюць намер вывучыць, ці ўсё адпаведна зрабіў Байдэн, выводзячы войскі з Афганістана, і як ён справіўся з пандэміяй каранавіруса.
Усе па дамах
Мы спадзяваліся, што калі Ілан Маск завершыць працэдуру куплі-продажу, мы перастанем пісаць пра «Твітар». Але ўсё толькі пачынаецца.
Маск распусціў супрацоўнікаў па дамах і загадаў не прыходзіць у офіс да панядзелка, піша ВВС. Гучыць, як добрая навіна для супрацоўнікаў "Твітара", праўда? Але з прыходам Маска добрых навін для супрацоўнікаў "Твітара" не засталося.
На гэтым тыдні яны атрымалі ліст з патрабаваннем працаваць звыштэрмінова — ці сыходзіць, распавядае Washington Post. І панеслася хваля звальненняў. Многія ў "Твітары" не прынялі гэтыя ўльтыматыўныя ўмовы — і расказалі пра тое, што звальняюцца, прама ў "Твітары".
Маск думае, што ўсё ідзе па плане. Ён твітнуў:
"І мы толькі што дасягнулі яшчэ аднаго рэкорднага паказчыка ў Твітары, лол".
And … we just hit another all-time high in Twitter usage lol
— Elon Musk (@elonmusk) November 18, 2022
Сатырык Фрэнк Лэсер адказаў, маўляў, напэўна ў дзень пажару ў Рыме Нерон адказаў бы, што ў горадзе яшчэ ніколі не было так светла.
Байкот Катара
Вось-вось павінен стартаваць Чэмпіянат свету па футболе А прымае яго сёлета Катар. Усё пойдзе па плане, калі за тыя, што засталіся тыдні Катар ня закансэляць.
Маштабная кампанія супраць Катара набірае абароты. Футбольныя заўзятары задаюцца пытаннем — ці этычна глядзець гэты чэмпіянат? Гэта маленькае каралеўства ў Персідскім заліве не выконвае правы меншасцяў, не выконвае правы працоўных мігрантаў. Падчас будаўніцтва спартыўных аб'ектаў для чэмпіянату многія рабочыя загінулі!
І ўсё ж калумніст Financial Times мяркуе, што ад гэтага чэмпіянату свету можа быць больш карысці, калі яго не кансэліць. Па-першае, дыктатарскія рэжымы, піша журналіст Сайман Купер, любяць выкарыстоўваць спартыўныя мерапрыемствы, каб палепшыць сваю міжнародную рэпутацыю. Ну, вы ведаеце.
Напрыклад, у 1978 годзе Чэмпіянат свету прымалі Аргентынскія вайскоўцы — гэта быў час, калі дысідэнты ў краіне знікалі тысячамі. Але чэмпіянат тады нават не заклікалі адмяняць — і дзякуючы міжнароднай увазе беды аргентынскіх дысідэнтаў сталі вядомыя ва ўсім свеце.
А зараз міжнародныя прафсаюзы лічаць, што прыцягваючы ўвагу да ўмоў працы рабочых-мігрантаў у Катары, яны могуць іх палепшыць. А увагі было прыцягнута дастаткова. І хоць становішча рабочых пакуль усё яшчэ мізэрнае, Катар ідзе на саступкі і рэформы. Таму што знаходзіцца пад пільнай увагай праваабаронцаў і журналістаў.
Напрыклад, цяпер Amnesty International плануе прымусіць Катар стварыць фонд для выплат рабочым, якія пацярпелі на будаўніцтве аб'ектаў для турніру.
Яшчэ адзін аргумент праціўнікаў байкоту гучыць карацей: калі Катар нерукапаціскальны, то чаму вы купляеце ў яго газ?
Футбольная поле / pixabay
Швэдар з клямарам
І нарэшце да святочных навінаў. Кампанія Microsoft выпусціла навагодні швэдар з клямарам, распавядае Daily Mail! Памятаеце клямар? Віртуальнага офіснага памочніка з першых версій "Ворда"? У "Ворд" клямара больш няма, затое ёсць на швэдры!
Yes, it's really real. The Clippy #WindowsUglySweater is here.
— Windows (@Windows) November 15, 2022
Get yours now and help support @College_Success as they assist underserved, low-income students achieve their dream of a college education. https://t.co/cC4kRfCDOM pic.twitter.com/MuSH37cSfH
Некалькі гадоў таму кампанія выпусціла свой першы "настальгічны швэдар" з алюзіяй на Windows-98. Лік гікаў, гатовых гэта купіць і насіць аказалася такім уражвальным, што цяпер швэдры выпускаюць кожны год.
Сёлета швэдар каштуе 75 даляраў. Што? Хто будзе ўсё гэта насіць? Зараз у продажы засталіся толькі вялікія памеры, так што ваш пытанне здымаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.