Інданезія адчыніць сваю амбасаду ў Мінску
Беларусь стварыла сваё дыппрадстаўніцтва ў гэтай краіне чатыры гады таму.
Беларусь разлічвае на адкрыццё амбасады Інданезіі ў Мінску. Такую заяву зрабіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са спікерам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі Інданезіі Ірманам Гусманам.
Як адзначыў Лукашэнка, у 2011 годзе Беларусь адчыніла ў Інданезіі сваю амбасаду і цяпер чакае кроку ў адказ.
Дыпламатычныя стасункі паміж дзвюма краінамі ўсталяваныя ў 1993 годзе. Беларусь і Інданезія падтрымліваюць эканамічныя сувязі — іх таваразварот за мінулы год склаў каля 215 мільёнаў долараў. Беларускі лідар упэўнены, што яго трэба нарошчваць.
Лукашэнка спадзяецца, што на інданезійскі рынак прыйдуць беларускія машынабудаўнічыя кампаніі і створаць у гэтай краіне сумесныя прадпрыемствы, што стане сур’ёзным крокам у беларуска-інданезійскіх кантактах, перадае БЕЛТА.