Іосуб: У перамовах з МВФ дзейнічае прынцып "чым горш ― тым лепш"
З 5 па 12 чэрвеня ў Мінску працуе місія Міжнароднага валютнага фонда. Беларусь сустракае яе добрай статыстыкай і стрыманым аптымізмам: паводле Белстата, эканоміка Беларусі ў першым квартале прырасла на 0,3%. На думку старшага аналітыка кампаніі "Альпары" ў Мінску Вадзіма Іосуба, гэта хутчэй аддаляе нас ад крэдыта МВФ на $3,5 млрд, пра які беларускія ўлады мараць ужо некалькі гадоў.
"Фонд не вылучае ніякіх патрабаванняў па тэмпах роста эканомікі. Але калі гаворка ідзе пра перамовы з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, працуе логіка "чым горш ― тым лепш" і наадварот, ― разважае аналітык. ― Калі ў краіне цяжкая эканамічная сітуацыя, і кіраўніцтва мае вострую патрэбу ў грошах ― яно гатовае на ўсё, абы гэтыя грошы атрымаць. І наадварот, калі ёсць альтэрнатыва ў выглядзе расійскіх грошай, а эканоміка пачынае падаваць сігналы да роста, складаецца сітуацыя, калі грошы МВФ нам патрэбныя ўжо не так востра. А калі так, дык навошта нам рэформы?"
Міжнародны валютны фонд ужо падтрымліваў эканоміку Беларусі ў 2009-2010 гадах. Згодна са статутам арганізацыі, у краінах, якія атрымлівалі яе крэдыты, працуюць яе эксперты. Яны ацэньваюць стан справаў у эканоміцы краіны і, калі трэба, вядуць перамовы па наступным супрацоўніцтве.
МВФ дае крэдыты пад параўнальна нізкія працэнты, але вылучае ўмовы атрымання і выкарыстання грошай. Ад беларусі эксперты фонда патрабуюць правядзення структурных рэформаў эканомікі. Найперш абмяркоўваюцца скарачэнне дзяржаўнага сектара эканомікі і пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Міжнародныя эксперты МВФ, якія зараз працуюць у Беларусі, рыхтуюць прыезд больш прадстаўнічай місіі ў кастрычніку 2017 года. Каментуючы працу папярэдняй місіі аналагічнага ўзроўню, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўмовы МВФ накіраваныя на ўдушэнне беларускага народа.