ІПэшнікі зніжкамі “забіваюць” ЧУПы на рынку

Як высветліла Еўрарадыё, на рынках можа здарыцца вайна паміж ІПэшнікамі і тымі прадпрымальнікамі, хто перайшоў у ЧУП. Бо яны працуюць побач на рынку. Але каб ЧУПу даць простую зніжку, яму трэба зрабіць пераацэнку, запоўніць шмат дакументаў. Індывідуальнікі скідаюць цану і лёгка перавабліваюць пакупнікоў ад ЧУПаў. ЧУПы злуюцца.

“Мы неканкурэнтаздольныя! Яны нас проста заб’юць, калі яшчэ нейкі час гэта працягнецца. Пакупнікоў проста адаб’юць у нас усіх, і ўсё. У іх абароты павялічыліся за кошт таго, што яны могуць знізіць цану, пакупнікі ідуць да іх, - кажа Еўрарадыё былы прадпрымальнік, а зараз ЧУП Сяргей, які гандлюе бытавой тэхнікай на рынку. - А пакупнікі ў нас такія, яны за 100 рублёў абойдуць 10 рынкаў”.

Сяргей у якасці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства працуе ўжо больш за месяц. “Вельмі дрэнна”, - скардзіцца ён. Справа нават не ў павелічэнні падаткаў, а ў няроўных ўмовах працы ЧУП і тых, хто застаўся ІП:

“На рынках засталіся суб’екты гаспадарання з рознымі сістэмамі падаткаабкладання. Гэта вельмі дрэнна. У ІПэшнікаў цалкам іншы дакументаабарот, іншае цэнаўтварэнне…”

Прадпрымальнік кажа, што каб панізіць цану, ЧУПу трэба зрабіць пераацэнку, запоўніць шмат дакументаў. Індывідуальны ж прадпрымальнік можа проста загадаць прадаўцу скінуць цану...
З пяці кропак, якімі валодае Сяргей, ён вінен падаткаў дзяржаве на 8,5 мільёна. Гэта больш у два разы, чым было раней, кажа прадпрымальнік.

“Падаткі за першы месяц працы пакуль не плаціў. Але магу сказаць, што я дзяржаве вінен у якасці падаткаў 8,5 мільёна. Гэта вельмі многа. Раней з пяці кропак я плаціў прыкладна 4 мільёны”.

Што застанецца яму пасля выплаты падаткаў, ЧУП пакуль не ведае:

“Я плачу 10 адсоткаў ад выручкі, таму суму падатку я ўжо ведаю. А што застанецца мне, буду яшчэ лічыць. Мне трэба будзе выплаціць заробак, з заробку падаткі і ўсё іншае… Толькі пасля я пабачу…”

Як высветліла Еўрарадыё, крыху ў лепшых умовах юрыдычныя асобы, што займаюцца вытворчасцю, а не гандлем. Аляксандр Давідовіч вырабляе плітку. Ён кажа Еўрарадыё, што зарэгістраваў бы ТАА незалежна ад 760-га ўказа. Прадпрымальнік лічыць, што толькі выйграў. Нават нягледзячы на тое, што падаткі павялічыліся:

“Давялося ўзяць дадаткова некалькі чалавек, я ўзяў тры чалавекі. Працаваць стала прасцей, таму што ўсіх людзей, якія мне трэба я магу адразу ўладкаваць на адну фірму, не раскідваць іх па некалькіх ІП, заключыць нармальныя працоўныя дамовы.

Па-другое, бухгалтэрыя індывідуальнага прадпрымальніка абсалютна не прыдатная для таго, каб займацца вытворчасцю. Настолькі нязручна, што нават губляеш з-за гэтага грошы…”

Новыя падаткі прадпрымальніка не засмуцілі. Бо ён збіраецца выходзіць на іншыя рынкі збыту:

“Мне не застанецца нічога іншага, як шукаць яшчэ рынкі збыту, каб пакрыць дадатковыя выдаткі. Вось і ўсё”.

Па словах Аляксандра Давідовіча, падаткі павялічыліся не вельмі моцна – адсоткаў на 7. Аднак з-за таго, што цяпер частку падаткаў вымушаны ўключаць у сабекошт прадукцыі, цана пліткі павялічылася на тыя ж 5-8%:

“На ІП я гэтага не рабіў, таму адпаведна была меншая цана, больш канкурэнтная. Цяпер я перагледзеў цэны, некаторыя падаткі ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі. Таму, адпаведна, мне давялося павялічыць цану – дзесьці на 5-8%. Прадукцыя стала менш канкурэнтаздольнай. Кліенты, вядома, на гэта адрэагавалі не вельмі добра. Адмоўна адрэагавалі на павышэнне цаны”.

1 сакавіка закончыўся льготны пераход індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. На цяперашні момант 3233 ІП паспелі стварыць ЧУП. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ва ўпраўленні прадпрымальніцтва Мінгарвыканкаму. Мы працягваем сачыць за тым, як адчуваюць сябе бізнэсоўцы, якія перарэгістраваліся ў ЧУП.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі