Каб вылечыць сына ў Беларусі, сям’я распрадала маёмасць на 70 тысяч долараў
У бараўлянскім анкалагічным цэнтры гэтага не хапіла нават на палову курса лячэння.
Каб выратаваць 13-гадовага азербайджанца Алі Вяліева, сям’я пайшла ва-банк: распрадалі ўсю маёмасць, узялі крэдыт і выправіліся ў нашу краіну.
“Мы жылі ў Баку, у сям'і было трое дзяцей. У чэрвені 2011-га я заўважыла, што сын страшэнна схуднеў, страціў апетыт”, — Махсаці Вяліева, маці хворага хлопчыка, распавядае, як у іх дом прыйшла бяда. З ёй Еўрарадыё сустрэлася ў дзіцячым анкалагічны цэнтры, што ў Бараўлянах. Знямоглая ад барацьбы і таксама цяжка хворая, яна працягвае верыць у тое, што сынаву анкалогію атрымаецца перамагчы. Пабачыць самога Алі не можам. Пасля чарговага курсу хіміятэрапіі ён ляжыць у боксе, і любая дробная інфекцыя можа спрацаваць, як смяротны стрэл з гарматы.
“На назе ў сына з’явіўся сып, — працягвае свой сумны аповед Махсаці. — Я звярнулася ў нашу азербайджанскую бальніцу. Так мы даведаліся аб страшэннай хваробе — вострым лімфабластным лейкозе. У Баку нам не далі ніякіх шанцаў, нават дзесяці працэнтаў. Знаёмыя расказалі, што з такім жа выпадкам могуць вылечыць у Беларусі. Мы сабралі па сваяках нейкія грошы, распрадалі ўпрыгожванні, за два дні прадалі трохпакаёўку ў цэнтры Баку, узялі крэдыт і выправіліся ў Беларусь. На той момант у нас было каля 70 тысяч долараў”.
У анкалагічным цэнтры Вяліевым пацвердзілі, што шанц на ратунак ёсць. Але здавалася б агромістая сума грошай хутка скончылася. Утварылася запазычанасць у 25 тысяч долараў.
Алі на вачах паміраў. І тады ўрачы з анкалагічнага цэнтра, разумеючы фатальнасць сітуацыі, выйшлі на тэлевядучую Тамару Лісіцкую, якая дапамагае цяжка хворым дзецям. Да ратавання хлопчыка далучыліся валанцёры і многія звычайныя людзі. Грошы ўдалося сабраць. Да таго ж, у Алі здарылася рэмісія. І сям’я вярнулася ў Баку.
Праз шэсць месяцаў здарыўся чарговы ўдар.
Махсаці Вяліева: “У азербайджанскай бальніцы сказалі, што гэта працэс запалення, які хутка пройдзе. А ў Беларусі параілі тэрмінова вяртацца і рабіць біяпсію. На жаль, здарыўся рэцыдыў. Мы зноў апынуліся ў Беларусі амаль без фінансавых сродкаў. Цяпер, калі пасля двух курсаў хіміятэрапіі зноў здарыцца рэмісія, трэба будзе абавязкова рабіць аперацыю па трансплантацыі. Урачы сказалі, што ў яго пашкоджаны касцявы мозг”.
Жыццё Алі Вяліева ацанілі ў 150 тысяч долараў. Прадаваць сям’і ўжо няма чаго.
Сама Махсаці пра гэта не расказвае, але валанцёры паведамілі Еўрарадыё, што пакуль хварэў сын у яе таксама здарылася анкалогія і з’явілася спінная грыжа. У Беларусі Махсаці таксама пэўны час была прыкутая да ложка і не магла рухацца. А ў сям’і гадуецца яшчэ трое дзяцей… Дзядуля і бабуля падарылі Вяліевым кавалачак зямлі, дзе яны спешна ўзвялі часовы дамок. Бацька сямейства працуе аўтаслесарам.
Маці: “Прэзідэнт і яго жонка дапамаглі б выратаваць сына, але ім, напэўна, не дастаўляюць інфармацыю”
Да справы зноў падключыліся беларускія валанцёры. У адным са сталічных клубаў правялі дабрачынны канцэрт. Такім чынам, са 150 тысяч долараў удалося ўнесці… пяць.
Еўрарадыё: “Колькі ёсць часу, каб выратаваць вашага хлопца?”
Махсаці Вяліева: “Вельмі мала. Шкада, што ў Беларусі няма донараў, анкацэнтр павінен шукаць іх па Еўропе. Донарам магла быць наша маленькая дачка. У тым ліку, і для гэтага нам і параілі яе нарадзіць. Але яна вельмі маленькая ― 12 кг. важыць, для яе гэта пакуль вельмі рызыкоўна”.
Еўрарадыё: Па нашым тэлебачанні часта паказваюць Баку, хваляцца, які гэта багаты горад, як шмат там забяспечаных людзей, на кожным кроку хмарачосы, дарагія аўто. Няўжо ніхто з багатых азербайджанцаў не адгукнуўся?
“Простыя азербайджанцы, якія жывуць у Беларусі і Маскве, нам дапамагалі. Таксама дапамагае вельмі шмат беларусаў. Але сабраць такую суму! Шкада, што жонка нашага прэзідэнта (Мехрыбан Аліева, ― Еўрарадыё) пра нас не чула, хоць мы напісалі ёй некалькі лістоў. Я ведаю, што яна дабрадушная, пра многіх клапоціцца. І прэзідэнт наш любіць дзяцей. І яны б нам дапамаглі выратаваць нашага Алічку. Але я думаю, што ім не дастаўляюць інфармацыю”, ― Махсаці ўжо амаль не можа размаўляць і ўвесь час плача.
Еўрарадыё: “Вы толькі што былі ў боксе, дзе ляжыць Алі. Што ён вам кажа?”
Махсаці Вяліева: “Ён кажа, што ўсё будзе добра, што Усявышні чуе і бачыць. Вельмі хоча да сясцёр. Але мне вельмі дрэнна, не магу глядзець у яго вочкі, што я не змагла яму дапамагчы”.
Беларускі валанцёр: “Вялікі грэх, не дапамагаць дзіцяці, калі ён з іншай краіны”
Гісторыя Алі паказала, што ў Беларусі ёсць шмат неабыякавых людзей, якія адгукаюцца на чужую бяду.
У такой жа сітуацыі апынаюцца і беларускія дзеці, якія не могуць вылечыцца ад цяжкіх захворванняў на Радзіме. Да дапамогі далучаюцца і нашы людзі, і замежнікі. Працуюць рэсурсы, якія намагаюцца збіраць грошы для тых, каго трэба ратаваць.
“Якія арганізацыі займаюцца падтрымкай хворых дзяцей?” ― цікавімся ў валанцёра анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах Вольгі Лішчанкі.
“Мы звярталіся неаднаразова ў фонд “Мае сэнс”, які ні разу не адмовіў. Няхай праз яго збіралася і пяць мільёнаў, але ў фондзе заўсёды адгукаліся на нашы просьбы. Таксама існуе фонд “Шанс”, якому я вельмі ўдзячная. У “Дотыку да жыцця” дапамагаюць выстаўленнем інфармацыі на сайце і арганізацыяй мерапрыемстваў. Ёсць “Клуб 5000”, які пастаўляе паперу, фламастары і іншыя матэрыялы для хворых дзяцей. Паверце, і такая падтрымка для іх вельмі важная. Гэта тыя арганізацыі, з якімі я сутыкалася непасрэдна”.
Нагадаем, што паводле афіцыйнай статыстыкі, за год ад анкалагічных захворванняў у Беларусі памірае больш за 17,5 тысяч чалавек. Пераважна гэта людзі сталага ўзросту. Асноўнай праблемай называюць тое, што людзі несвоечасова звяртаюцца да ўрачоў і рак выяўляецца на позніх стадыях.