Кабякоў казаў не пра $500 заробку, а пра 1000 рублёў
У аўторак, 21 лютага, Андрэй Кабякоў казаў не пра $500 заробку, а пра 1000 рублёў. Прэм'ер-міністр на пасяджэнні прэзідыума Саўміна агучыў комплекс рашэнняў для павелічэння сярэдняй зарплаты.
"Пры выкананні задачы па выхаду да канца года на 1 тысячу рублёў сярэдняй заработнай платы будзе зыходзіць з таго, што грошы павінны быць зароблены, — цытуе словы Кабякова БЕЛТА. — Рост даходаў толькі ва ўвязцы з ростам прадукцыйнасці працы. Раздачы незаробленых грошай не будзе".
Адзначым, што ўпершыню на такім узроўні гаворка ішла не пра 500 долараў сярэдняга заробку (задачу дасягнуць яго сёлета паставіў кіраўнік дзяржавы), а пра 1000 рублёў.
Паводле слоў Кабякова, задачу можна вырашыць праз стварэнне новых працоўных месцаў, прадпрыемстваў, праз развіццё прадпрымальніцтва і ініцыятывы, а таксама праз павелічэнне экспарту і скарачэнне выдаткаў. Прэм'ер адзначыў, што ў бюджэтнай сферы заробак можна павялічыць за кошт "мерапрыемстваў па аптымізацыі" і з дапамогай павелічэння пазабюджэтных прыбыткаў.
На сённяшнім пасяджэнні абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны ў студзені 2017 года, а таксама меры па выхаду на станоўчую дынаміку росту эканомікі ў першым квартале. Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь з-за недапаставак нафты з Расіі згубіла ў студзені 1,5% ВУП.